Чым займаецца курыя?

Задай пытанне

Паняцце “курыя” паходзіць з лацінскай мовы.
У Старажытным Рыме гэтым словам называлі месца пасяджэнняў сената або частку мясцовага самакіравання. У Каталіцкім Касцёле тэрмінам “курыя” абазначаецца адміністрацыйны апарат Апостальскай Сталіцы (Рымская Курыя), паасобных дыяцэзій, а таксама манаскіх інстытутаў ці таварыстваў апостальскага жыцця.
У кожнай дыяцэзіі ў Беларусі ёсць свая курыя з цэнтрамі ў Гродне, Мінску, Пінску і Віцебску. Кодэкс кананічнага права інстытуту дыяцэзіяльнай курыі прысвячае каноны 469–494. Згодна з пастановамі Кодэкса, дыяцэзіяльная курыя складаецца з устаноў і асоб, якія дапамагаюць дыяцэзіяльнаму біскупу ў кіраванні ўсёй дыяцэзіяй, асабліва ў пастырскай дзейнасці, эканамічнай сферы і выкананні судовай улады (параўн. кан. 469). Да яе заданняў належаць таксама зносіны з іншымі касцёльнымі ўстановамі, прыватнымі асобамі, а таксама са свецкай супольнасцю. Найпрасцей можна сказаць, што курыя пад кіраўніцтвам біскупа каардынуе дзейнасць Касцёла ў дыяцэзіі.
Найбліжэйшымі супрацоўнікамі біскупа ў курыі з’яўляюцца генеральны вікарый, біскупскія вікарыі, канцлер, эканом і кіраўнікі розных ведамстваў курыі.
Генеральны вікарый падтрымлівае біскупа ў кіраванні дыяцэзіяй, выконвае адміністрацыйныя заданні, разглядае найбольш важныя бягучыя справы, прымае наведвальнікаў і прадстаўляе дыяцэзіяльнага біскупа.
Біскупскія вікарыі прызначаюцца біскупам з мэтай дапамогі яму ў кіраванні часткай дыяцэзіі, групай асоб або для вырашэння нейкіх спраў. Яны выконваюць свае функцыі ў межах атрыманых ад дыяцэзіяльнага біскупа паўнамоцтваў і задач.
Вельмі важную ролю адыгрывае канцлер курыі, асноўная задача якога – клапаціцца пра падрыхтоўку і рассылку курыяльных актаў, а таксама пра захаванне іх у архівах курыі ў адпаведнасці з пастановамі кананічнага права. Маючы на ўвазе згаданыя абавязкі, можна сказаць, што канцлер адказны за дзейнасць канцылярыі (сакратарыяту) курыі. У канцылярыі курыі могуць служыць таксама натарыусы і сакратары.
Вялікую дапамогу дыяцэзіяльнаму біскупу аказвае эканамічная рада і эканом. У святле агульных норм кананічнага права да кампетэнцыі эканамічай рады, якую ўзначальвае сам дыяцэзіяльны біскуп, належыць кансультацыя, падрыхтоўка адпаведных планаў і кантроль у сферы эканамічных пытанняў дыяцэзіі.
Такім чынам, курыя і яе супрацоўнікі, дапамагаючы біскупу ў кіраванні даручанай яго пастырскай апецы часткай Божага люду, служаць таксама святарам і вернікам дыяцэзіі, якія ў выпадку патрэбы могуць звяртацца ва ўзгаданую ўстанову.