Ці можна звяртацца да празорцаў?

Задай пытанне

У кнізе Дзеяў Апосталаў апісваецца павучальная гісторыя, якая наглядна паказвае прыроду празорлівасці. Гаворка ідзе пра адну місійную вандроўку апостала Паўла ў горад Філіпы. Яму спадарожнічаў евангеліст Лука, які і вядзе апавяданне ад 1-ай асобы: “Калі мы ішлі на малітву, нам сустрэлася адна служанка, якая мела духа прадбачання і прадказаннямі здабывала сваім гаспадарам вялікія сродкі” (Дз 16, 16). Тут ясна сказана, што апантанасць можа праяўляцца і ў прыгожай форме, прадраканнямі, г. зн. у прадбачанні. “Ідучы за Паўлам і за намі, яна крычала: «Гэтыя людзі – слугі Найвышэйшага Бога, яны абвяшчаюць нам шлях збаўлення». Так рабіла яна шмат дзён” (Дз 16, 17–18). Як жа рэагуе святы апостал? “Павел, раззлаваўшыся, павярнуўся і сказаў духу: «У імя Езуса Хрыста загадваю табе выйсці з яе». І той адразу выйшаў” (Дз 16, 18).
Такім чынам, з тэкста Святога Пісання відаць, што прадказанні могуць зыходзіць ад дэманаў. Пры гэтым важна ўлічваць, што дэманы, у адрозненне ад анёлаў, не ведаюць сапраўднай будучыні чалавека. Анёлам будучыню можа адкрыць Бог, а дэманам недаступна святло Святога Духа. Стала быць, дэманы не могуць сапраўды прадказваць і прарочыць. Але злыя духі па сваёй прыродзе валодаюць тонкім інтуітыўным чуццём, выдатна ведаюць чалавечую псіхалогію, умеюць будаваць лагічныя звязкі. Таму цёмныя духі не столькі прадбачаць, колькі аналізуюць магчымую будучыню чалавека, паведамляюць гэта спірыту або вешчуну, а той перадае свайму заказчыку. Акрамя таго, яны могуць прадказваць тое, на што потым самі будуць мець свой цёмны ўплыў.
Зварот да астролагаў, прадказальнiкаў, хірамантаў празорцаў і да т. п. звязаны з той распаўсюджанай памылкай, што будучыня разглядаецца як загадзя прапісаная, гатовая гісторыя. Будучыня прыпадабняецца тэксту, запячатанаму ў канверт, які не адкрываецца звычайнаму чалавеку, але які можна прачытаць з дапамогай таемных ведаў: нібы прыадкрыць канверт і падглядзець, што там. На самой жа справе карціна быцця зусім іншая – будучыня пішацца штодзённым жыццём.
Чалавек надзелены вольнай воляй. А калі ён вольны ў сваіх дзеяннях, строга прапісанага заўтра быць не можа. Вядома, Бог прыадкрывае нешта з будучыні чалавецтва, але гэта звязана не з тым, што Ён падрыхтаваў для чалавека загадзя нязменны лёс, а з тым, што Ён вышэйшы і мудрэйшы, а Яго ўсёпранікальнаму позірку адкрыты глыбіні нашых сэрцаў, нашы свабодныя рашэнні і жаданні. Інакш кажучы, у Бога для кожнага ёсць план, але рэальны лёс складаецца з асабістых узаемаадносін людзей з Божым Провідам. Усё гэта і стварае далейшы жыццёвы шлях чалавека.