Ці можна рабіць знак крыжа левай рукой?

Задай пытанне

Касцёл заўсёды лічыў правы бок сімвалічна важным. Таму мы таксама чынім знак крыжа правай рукой. Пачынаем рабіць гэты жэст ад галавы да грудзей, прызнаючы, што наш Госпад Хрыстос праз сваё ўцелаўленне сышоў на зямлю зверху, г. зн. ад Айца. Працягваем знак крыжа злева, ад сэрца – месца, дзе з любоўю захоўваем Велікодную таямніцу Езуса (Яго вялікія пакуты і смерць) – направа, успамінаючы, што Езус сядзіць праваруч Айца ў сваёй славе Уваскрасення.
Ці абавязкова рабіць знак крыжа менавіта правай рукой? Так. Мы не маем права змяняць, адмаўляць або крытыкаваць, згодна з нашым бачаннем, хрысціянскую традыцыю, што мае свой глыбокі пачатак. Таксама і ў грамадскім жыцці існуюць т. зв. “пратаколы”, якія мы паважаем, нават калі не ведаем іх паходжання або значэння. Напрыклад, вітаючы кагосьці, падаём правую руку, а не левую. У рэлігійным жыцці адбываецца нешта падобнае. Такім чынам, святар раздае Камунію правай рукой, нават калі ён ляўша. Не забаронена і не з’яўляецца грахом падаць Камунію левай рукой, аднак гаворка пра прыкмету добрай літургічнай фармацыі. Калі вернік разумее, чым быў крыж у жыцці Езуса і чым ён ёсць у справе яго асабістага збаўлення; калі памятае, што на крыжы Збаўца палюбіў людзей да канца; калі робіць знак крыжа свядома, то накіроўвае сваё жыццё ў добры бок, таму што насіць крыж – гэта тое, пра што просіць Хрыстос, калі хочам Яго наследаваць.