Якая розніца паміж індывідуальнай малітвай і св. Імшой з замоўленай інтэнцыяй?

Задай пытанне

Паводле Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, св. Імша – гэта ахвяра Цела і Крыві Езуса Хрыста, якую Ён устанавіў, каб увекавечыць ажно да свайго прыйсця ахвяру Крыжа, даручаючы такім чынам Касцёлу ўспамін сваёй смерці і ўваскрасення. Інакш кажучы, гэта асноўная падзея з жыцця Езуса, у якую мы трапляем, пераадолеўшы бар’еры часу і прасторы.
Ад пачатку стварэння чалавек прыносіў Богу розныя ахвяры. Але з-за людскога граху яны не маглі падабацца Усемагутнаму. Таму Ён у міласэрнасці сваёй паслаў у свет свайго Адзінароднага Сына, які ахвяраваў сябе дзеля адпушчэння грахоў свету. Гэтую падзею мы ўспамінаем падчас кожнай св. Імшы. Тым самым ажыццяўляецца сапраўдная і найвышэйшая ахвяра, якую Езус прыносіць Айцу за ўсё чалавецтва.
    Касцёл вучыць, што існуе некалькі відаў плёну св. Імшы, сярод якіх – агульны і асаблівы. Агульны плён вынікае з ахвяры святара, якую ён складае за Касцёл, г. зн. за ўсіх людзей: жывых і памерлых. Гэты плён здзяйсняецца нават пры адсутнасці спецыяльнай інтэнцыі. Асаблівы плён дорыць св. Імша ў выніку выразнага намеру святара, які яе цэлебруе і моліцца ў вызначанай інтэнцыі. Менавіта такі тып плёну Эўхарыстыі маюць на ўвазе вернікі, калі “замаўляюць” св. Імшу. Але гэта не азначае, што ўсе, хто ўдзельнічае ў набажэнстве, абавязаны прадставіць Богу дадзеную інтэнцыю. Кожны веруючы можа ўдзельнічаць у св. Імшы з уласным намерам.
    Касцёл выразна гаворыць пра тое, што ўдзел у св. Імшы праз Эўхарыстыю напаўняе кожнага з нас ласкай і бласлаўленнем Неба, узмацняе ў пілігрымаванні па зямным жыцці і абуджае прагу вечнага жыцця, ужо цяпер яднае з Хрыстом, які сядзіць праваруч Айца, з нябесным Касцёлам, бласлаўлёнай Дзевай і ўсімі святымі (параўн. ККК 1402–1405). Асабістая малітва, нягледзячы на вялікую вартасць, не можа запэўніць нам такую вялікую ласку.