“Калі няма сур’ёзнай перашкоды, то касцёл, у якім захоўваецца Найсвяцейшы Сакрамант, павінен быць адчынены штодзённа, прынамсі на працягу некалькіх гадзін, каб парафіяне маглі маліцца перад Гостыяй” (кан. 937 Кодэкса кананічнага права). Інакш кажучы, калі людзі маюць патрэбу памаліцца перад Найсвяцейшым Сакрамантам, у касцёле павінны быць створаны для гэтага адпаведныя ўмовы. Неабходна выбраць належнае месца, гарантаваўшы бяспеку Гостыі.
Далей ККП сцвярджае: “Рэкамендуецца, каб у гэтых касцёлах і араторыях здзяйснялася ўрачыстае выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту на адпаведны тэрмін, няхай нават з перапынкамі, каб мясцовыя вернікі глыбей разважалі аб эўхарыстычнай таямніцы і з большым натхненнем адаравалі яе. Аднак такога роду выстаўленні павінны адбывацца толькі ў тым выпадку, калі прадбачыцца сход дастатковай колькасці вернікаў: акрамя таго, пры гэтым неабходна захоўваць устаноўленыя нормы” (кан. 942). †