Што гаворыць Касцёл адносна грашовых ахвяраванняў?

Задай пытанне

Паколькі супольнасць Касцёла ўстаноўлена не чалавекам, а самім Богам, слушна можна сцвердзіць, што Касцёл як Містычнае Цела Хрыста “не з гэтага свету”. Аднак па волі Збаўцы ён існуе на зямлі і карыстаецца часовымі дабротамі настолькі, наколькі гэта ўласціва яго місіі (параўн.: Gaudium et spes, 76).
    ІІ Ватыканскі Сабор у дагматычнай Канстытуцыі пра Касцёл прыпамінае назвы, якімі Святое Пісанне азначае рэчаіснасць Касцёла: Божая будоўля, дом Бога, скінія Бога з людзьмі, святы Горад, новы Ерузалем (параўн.: Lumen gentium, 6). Св. Пётр называе членаў Містычнага Цела Хрыста жывымі камянямі (параўн.: 1 П 2, 5), што ў сваю чаргу паказвае асаблівае месца і ролю вернікаў у касцёльнай супольнасці. Зразумела, што дзеля дасягнення вызначанай Богам мэты Касцёл патрабуе таксама і матэрыяльных сродкаў.
Кодэкс кананічнага права нагадвае, што вернікі маюць абавязак дапамагаць у патрэбах Касцёла, каб ён меў неабходныя сродкі для Божага культу, апостальства і спраў дабрачыннасці, а таксама для годнага ўтрымання распарадчыкаў (параўн.: кан. 222 § 1). Пра гэты абавязак прыгадвае таксама 5-ты касцёльны наказ, які заклікае вернікаў клапаціцца аб матэрыяльных патрэбах Касцёла ў адпаведнасці са сваімі магчымасцямі (параўн.: ККК, 2043). Ён выплывае з натуральнага права, якое паказвае чалавеку на неабходнасць дбаць аб супольнасці, да якой ён належыць. Неабходна таксама адзначыць, што абавязак дбаць аб патрэбах Касцёла не абмяжоўваецца толькі да эканамічных сродкаў, але мае духоўны характар і праяўляецца таксама праз малітву ды асабістыя намаганні вернікаў у пашырэнні Божага Валадарства на зямлі, што з’яўляецца найважнейшым.
    Грашовыя ахвяраванні служаць не толькі канкрэтнай парафіі ці супольнасці, але ўсяму Містычнаму Целу Хрыста, і такім чынам прычыняюцца таксама да павелічэння дабра тых, хто іх прыносіць у ахвяру. Вартасць ахвяры нельга вымяраць матэматычным чынам, бо яна залежыць ад унутранай паставы таго, хто яе прыносіць. Касцёл не вызначае вернікам ніякіх межаў адносна ахвяраванняў, але гаворыць, што трэба дбаць аб яго патрэбах паводле сваіх магчымасцей. Касцёл выказвае ўдзячнасць за кожны складзены дар для агульнага дабра чалавечай супольнасці.
    Адсюль ахвярнасць – гэта справа не прававых норм, а любові. Прынесеная ад сэрца, яна павялічвае любоў ахвярадаўцы, надзяляе спакоем і радасцю. Усім, хто задумваецца над пастаўленым пытаннем, хай дапаможа св. Павел, які павучае: “Няхай кожны дае, як вырашыць у сэрцы сваім, а не са шкадаваннем ці з прымусу, бо радаснага даўцу любіць Бог” (2 Кар 9, 7).