Ці мае святар права спыніць споведзь?

Задай пытанне

Кс. Андрэй Лішко

Напэўна, кожны, хто прыходзіць у Божы храм ці проста на размову са святаром, мае свае праблемы, цяжкасці, і, верагодна, шукае ласкі, парады, каб выйсці з крызісу, дапамогі, а можа, проста хоча “выліць душу”, штосьці распавесці, даверыцца, знайсці душэўны супакой. Сітуацыя, калі святар можа не адпусціць грахі і спыніць споведзь, сапраўды можа існаваць.
    Ёсць выпадкі, калі святар зразумеў, што не здзейснена нейкая з умоў добрай споведзі (іх 5). Напрыклад, хтосьці не мае жалю за свае грахі, абыякавы або жыве ў грамадзянскім шлюбе, без вянчання, таму не зможа выканаць пастанову паправы. Тады святар можа не адпусціць грахі, але павінен усё падрабязна растлумачыць.
    У некаторых выпадках святар можа, а нават і павінен спыніць споведзь. Многія маладыя па гадах святарства ксяндзы (у нашай дыяцэзіі – да года святарства) не могуць “пры звычайных абставінах” адпусціць некаторыя грахі (напрыклад, грэх аборту). Ёсць грахі, якія можа адпускаць толькі біскуп (напрыклад, фармальнае адступленне ад веры). Таму калі спавядае малады святар, які не мае юрысдыкцыі да адпушчэння таго ці іншага граху, то ён павінен ветліва і дакладна растлумачыць, што не можа адпусціць грахоў, і скіраваць пэнітэнта да іншага святара. Але калі існуе пагроза для жыцця ці іншыя падобныя абставіны, нават малады святар можа адпусціць гэтыя грахі.
Ёсць грахі, якія, паводле Кодэкса кананічнага права, могуць быць прабачаны толькі Апостальскай Сталіцай (EKSKOMUNIKA latae sententiae). У гэтым выпадку святар павінен спыніць споведзь, растлумачыць пэнітэнту сутнасць справы або прапанаваць яму сумесна напісаць спецыяльны ліст у Апостальскую пэнітэнцыярыю. Пасля атрымання адказу патрэбна дамовіцца з пэнітэнтам аб сустрэчы на яшчэ адну споведзь.
    Кожная споведзь – гэта індывідуальная і асабістая справа. Таму вельмі важна рыхтавацца да сакраманту пакаяння і паяднання як пэнітэнту, так і святару.