Што Касцёл кажа пра Меджугор’е?

Задай пытанне

Што Касцёл кажа пра Меджугор’е? Ці дазваляецца ў касцёлах вешаць абразы, ставіць фігуры Маці Божай Меджугорскай? Ці маюць права святары гаварыць падчас казання аб праўдзівасці аб’яўленняў у Меджугор’і?
Афіцыйная пазіцыя Касцёла адносна аб’яўленняў у Меджугор’і была прадстаўлена Канферэнцыяй Біскупаў Югаславіі ў 1991 годзе і пацверджана Кангрэгацыяй Веравучэння. У дэкларацыі 1991 года (“Дэкларацыя з Задара”) сказана, што звышнатуральны характар таго, што адбываецца ў Меджугор’і, не пацверджаны.
    З гэтага вынікае, што адначасова нельга і выключыць звышнатуральны характар гэтай з’явы, таму што ў такім выпадку была б ужыта фармулёўка “пацверджаны незвышнатуральны характар”. Знакаміты тэолаг Кардынал Шонбарн падкрэсліў, што Касцёл не можа даць канчатковую ацэнку гэтай з’яве, пакуль яна трывае (інтэрв’ю 01.11.2004 года для “Tagespost”).
У Дэкларацыі 1991 года сказана пра немагчымасць арганізацыі афіцыйных пілігрымак у Меджугор’е, але вернікаў, якія туды прыбываюць, неабходна ахінуць духоўнай апекай. У 1996 годзе Кангрэгацыя Веравучэння пацвердзіла гэтую пазіцыю, а ў 1998 годзе Кангрэгацыя падкрэсліла, што ў Меджугор’е могуць арганізоўвацца прыватныя пілігрымкі пры ўмове, што іх нельга лічыць прызнаннем “аб’яўленняў”.
    Нягледзячы на чуткі, якія распаўсюдзіліся нядаўна, асабліва ў італьянскай прэсе, Кангрэгацыя Веравучэння не выдавала ў гэтым годзе дакумента адносна Меджугор’я, але ён чакаецца ў бліжэйшай будучыні. Нельга было б дапусціць, каб Касцёл у Беларусі меў іншую пазіцыю ў сувязі з гэтым.
    Што датычыць іншых пытанняў, то святары могуць выказваць свае прыватныя меркаванні па закранутай праблеме, а Панну Марыю можна ўшаноўваць такім спосабам, які не супярэчыць веравучэнню Касцёла, напрыклад, прадстаўляючы Яе на абразах.