Што такое ўнебаўзяцце?

Задай пытанне


Р
оздум над ісцінай аб унебаўзяцці Марыі варта распачаць, разглядаючы два творы мастацтва. Першы – гэта карціна Тыцыяна, дзе адлюстравана Марыя, якая ўзносіцца ў неба ў акружэнні анёлаў. Другі – карціна Дуччо дзі Буонінсенья, на якой мы бачым паміраючую Марыю, а таксама Езуса, які прытуляе да сябе Яе душу. Паміж двума гэтымі адлюстраваннямі існуе напружанне. Згодна з хрысціянскай традыцыяй, Маці Езуса памерла, была ўваскрошана і прынята ў нябесную хвалу. Пад гэтай традыцыяй падпісваюцца таксама некаторыя Айцы Касцёла, напрыклад, Мадэст Ерузалемскі (+630) ці Ян Дамаскін (+749). Марыя павінна была наследаваць свайго Сына і ў смерці, і ва ўваскрасенні. Паколькі Хрыстос стаў падобным да нас ва ўсім, таксама і ў смерці, то няма прычын для таго, каб Маці Езуса павінна была пазбегнуць смерці перад сваім уваскрасеннем. Тут варта прыгадаць словы св. Яна Паўла ІІ, прамоўленыя падчас агульнай аўдыенцыі 25 чэрвеня 1997 года: “Марыя, каб магчы ўдзельнічаць у таямніцы ўваскрасення Хрыста, павінна была таксама разам з Ім прайсці праз смерць. Можна сказаць, што пераход з гэтага ў іншае жыццё быў для Яе выспяваннем ласкі ў хвале, таму можна разумець Яе смерць як свайго роду «засынанне»”. Такім чынам, рэальнасць смерці і рэальнасць унебаўзяцця не з’яўляюцца ўзаемавыключальнымі.
Дык што ж такое ўнебаўзяцце? Жыццё Марыі – ад Яе беззаганнага зачацця ажно да канца зямнога жыцця – было святым, гэта значыць, што ў ім не было месца для граху. Жыццё Маці Езуса не было забруджана грахом. (Гэтага не можа сказаць пра сябе ніадзін з нас, таму што на лініі нашага жыцця ёсць месцы, пазначаныя грахом.) Таму ўсё жыццё Марыі “падабалася” Богу і ўсё было “у імгненне вока” прынята Ім, г.зн. у-неба-ўзята. Пад словамі “ўсё жыццё Марыі” разумеем усё, чым з’яўляецца чалавечае жыццё: учынкі, словы, думкі, пачуцці і да т.п. Яна была ўнебаўзята “з душой і целам”. Гаворка ідзе пра тое, што ўсе Яе ўражанні і ўвесь вопыт, што адносяцца да душы і да цела, былі бязгрэшнымі. Выражэнне “з душой і целам” азначае ні больш ні менш усю, цэласную, усеагульную асобу Марыі, адданую Хрысту і Яго Касцёлу. Догма аб унебаўзяцці сцвярджае канчатковае перамяненне ўсяго чалавека дзякуючы Божай ласцы, выражае праўду пра лёсы людзей, якія дасягнулі хвалы, і распавядае аб надзеі ўсяго Касцёла. Марыя ўнебаўзятая, дасягнуўшы паўнаты збаўлення, з’яўляецца для нас сімвалам нябеснага Касцёла, Касцёла хвалы, да якога мы далучымся пасля сваёй смерці. І хоць мы не будзем у-неба-ўзяты такім жа чынам, як Марыя, таму што нашае жыццё павінна быць спачатку ачышчана ад грахоў, але верна служачы Хрысту, дзякуючы падтрымцы Яго Маці мы дойдзем да нашай нябеснай айчыны.