Якія святыя заступнікі ў цыган?

Задай пытанне

Заступніцай цыган з’яў­ляецца святая Сара, якую інакш называюць Калі Сара альбо Чорная Мадонна. Цэнтр яе культу знаходзіцца ў Сэнт-Мары-дэ-ла-Мер, месцы пілігрымак цыган на поўдні Францыі.
    Адкуль жа паходзіць і кім была св. Сара? На жаль, на гэтыя пытанні можна адказаць толькі зыходзячы з легенды, якую самі цыгане-хрысціяне пераказваюць з пакалення ў пакаленне. У чым жа сутнасць легенды?
    Падчас першага праследавання хрысціян, праўдападобна ў 42 г. н.э., Лазар, Марыя Магдалена, Марта, Марыя Саламея, Марыя Якубава, уцякаючы ад рэпрэсій, трапілі па моры на поўдзень Галіі (а гэта і ёсць Сэнт-Мары-дэ-ла-Мер). Пэўная вандроўная цёмнаскурая жанчына, якая была вельмі добразычлівай, дапамагала збіраць ахвяры для бедных, далучылася да вандроўнікаў са Святой Зямлі і стала прыслугоўваць Марыі Якубавай (жонцы Алфея, якая была сваячкай Маці Божай). Цыгане, бачачы ў постаці св. Сары падабенства да свайго стылю жыцця, выбралі яе сабе за апякунку.
Калі ж крытычна паглядзець на дадзеную справу, то можна з лёгкасцю заўважыць падабенства культу св. Сары з культам індыйскай багіні Калі (цыгане – этнічная група індыйскага паходжання). Хоць сама святая і яе легендарнасць, а таксама культ і яго развіццё не маюць задакументаваных гістарычных падстаў, у вобразе асобы, якую цыгане назвалі св. Сарай, выяўляецца вялікае жаданне апошніх быць блізка да Езуса. А гэта для кожнага народа з’яўляецца самым істотным.