Ці ёсць у ксяндза водпуск?

Задай пытанне

Гэтае пытанне вернікі вельмі часта задаюць асабліва на пачатку лета. У зацікаўленасці жыццём ксяндза няма нічога дрэннага, але я лічу, што ўсе, хто задае сабе гэтае пытанне, павінны, у першую чаргу, прыгадаць сабе, што ксёндз – таксама чалавек. А таму ён патрабуе адпачынку так таксама, як і кожны чалавек. Падчас водпуску ксёндз не перастае быць ксяндзом: ён адпраўляе св. Імшу, моліцца Брэвіярыем і іншымі малітвамі, але ён мае права кудысьці выехаць, нават змяніць месца побыту, убачыць свет і пазнаёміцца з культурай іншых народаў. Падчас водпуску ксёндз таксама хоча наведаць сваю сям’ю, родных і блізкіх. Водпуск святара, бясспрэчна, трохі адрозніваецца ад водпуску свецкай асобы, але і ксёндз мае права на адпачынак. Напрыклад, сённяшні святы Ян Павел II любіў падчас водпуску ездзіць у горы, дзе ён маліўся, меў капліцу і мог у спакойным рытме свайго жыцця зачарпнуць больш сіл для служэння людзям у паўсюдным Касцёле. Ксяндзы, як і свецкія, маюць свае захапленні. Яны выязджаюць за мяжу, вандруюць па гарах, удзельнічаюць байдарачных паходах і г.д.
Ксёндз адпраўляецца ў водпуск толькі тады, калі гэта не пашкодзіць душам вернікаў. Безумоўна, збіраючыся кудысьці, ён павінен паклапаціцца аб тым, каб душпастарства ў парафіі не пацярпела з-за гэтага. Людзі павінны мець доступ да сакрамантаў, да паслугі святара, бо ад Бога і ад малітвы няма адпачынку. Касцёл павінен заўсёды быць адкрытым для вернікаў. Як сказаў папа Францішак: “Як сумна выглядае зачынены касцёл”.
    Святары, якія працуюць у касцёлах нашай дыяцэзіі, стараюцца дапамагаць адзін аднаму, каб сэрца парафіі пульсавала так, як і на працягу ўсяго года. У некаторых дэканатах святары замяняюць адзін аднаго, клапоцячыся аб тым, каб парафія функцыянавала, як заўсёды.
    На канец варта таксама звярнуцца да дакументаў Касцёла. Кодэкс кананічнага права ў каноне 283, параграф 2, гаворыць, што “Належыць ім (святарам – заўвага аўтара) права на адпаведны і дастатковы штогадовы водпуск, акрэслены ўсеагульным ці партыкулярным правам”.
    Аднак, святар мае права на адпачынак з выкананнем правіла: “salus animarum suprema lex” (збаўленне душы – найвышэйшы закон). Святар на працягу 365 дзён у год застаецца святаром, а таму і падчас адпачынку. Варта маліцца як за тых ксяндзоў, якія працуюць, так і за тых, якія знаходзяцца ў водпуску.