Як пачуць голас Бога

Задай пытанне

Як пачуць голас Бога сярод “шуму” нашага жыцця і адчуць, што менавіта Бог, а не мой розум альбо штосьці іншае, кліча мяне да спаўнення свайго жыццёвага паклікання?
Да спаўнення нашага жыццёвага паклікання нас можа клікаць толькі Бог. Ён, Які прывёў кожнага чалавека ў гэты свет і вызначыў нашае месца і своеасаблівую місію ў гэтым свеце, на працягу ўсяго нашага жыцця будзе заахвочваць нас і клікаць на гэты шлях. Нават калі мы, ідучы за сваёй воляй, будзем адхіляцца ад гэтага напрамку, Госпад далей будзе намагацца навярнуць нас. Бо гэты шлях, шлях нашага жыццёвага паклікання, – найлепшае для чалавека, тое, дзе чалавек можа найпаўней рэалізаваць свае здольнасці з карысцю для сябе, для супольнасці людзей і, вядома, для Бога. Чалавек як істота свабодная ў сваім выбары можа прыняць Божую волю або адкінуць яе, абраўшы свой шлях, як зрабілі, напрыклад, Ева і Адам. Аднак, адкідаючы Божую волю, мы заўсёды абіраем горшы для сябе варыянт. Таму, безумоўна, кожнаму з нас варта знайсці тое месца ў жыцці, на якім нас хоча бачыць Госпад.
Як адрозніць Божы голас ад нечага іншага? Найпершым сродкам тут будзе штодзённая малітва ў намеры пазнаць Божую волю. Магчыма, гучыць банальна і шаблонна, але іншага зыходнага пункту няма. Калі мы кожны дзень будзем маліцца хаця б адзін раз “Ойча наш” з просьбай да Бога паказаць наш шлях, Яго рука з радасцю павядзе нас у патрэбным напрамку. Як гэта будзе выглядаць на практыцы – кожны ўбачыць на ўласным досведзе, прычым абавязкова! Пэўным індыкатарам тут выступае радасць і задавальненне. Як выказаўся бласлаўлёны Ян Павел II, “пакліканне – гэта тое, што мне ўдаецца рабіць найлепш і ў чым я найбольш развіваюся”. Па дарозе паклікання ісці прыемна і цікава, а цяжкасці, якія абавязкова будуць сустракацца, лёгка пераадольваюцца. І наадварот, самавольна абраны шлях будзе складаным, за словамі Хрыста да апостала Паўла: “Цяжка табе ісці супраць ражна” (Дз 26, 14). Як у кожнай іншай справе, дзеянне Божае павінна дапаўняцца дзеяннем людскім. Таму нам, тым, хто шукае і хоча знайсці свой шлях, трэба дазволіць Богу дзейнічаць у нашым жыцці. Неабходна адкінуць уласны эгаізм і карыслівыя інтарэсы. “Не ўпадабняйцеся гэтаму свету, але пераменяйцеся праз аднаўленне розуму, каб умелі пазнаць, якая ёсць воля Божая, што добрае і прыемнае Богу ды дасканалае” (Рым 12, 2). Наш пошук павінен быць скіраваны на любоў Бога і бліжняга, а не на дасягненне асабістых інтарэсаў. Такім чынам, кожны дзень просячы Госпада пазнаць Яго волю і абіраючы тое, што паслужыць для дабра іншых людзей і на Божую славу, адкідаючы асабісты карыслівы інтарэс, мы будзем прыведзены Божым Провідам туды, дзе нас хоча бачыць Бог.

А. Зміцер Чарнель CSsR, пар. Маці Божай Нястомнай Дапамогі, Мінск.