Нягледзячы на тое, што размова з духоўнай асобай для многіх з нас ужо не з’яўляецца чымсьці незвычайным, часам можна пачуць пытанні тыпу: як правільна звярнуцца да біскупа, ксяндза ці манаскай сястры. Безумоўна, над гэтым варта засяродзіцца, бо часам гэта можа нас збянтэжыць.
Перш за ўсё, трэба прыгадаць пра паставу, поўную павагі да іншага чалавека, тым больш, што гэта асоба, прысвечаная службе Богу. Думаю, што павага, адкрытае сэрца і шчыры позірк павінны характарызаваць кожную размову з усімі. Мы не можам звяртацца да духоўнай асобы на “ты”, таму што такі зварот не паказвае павагі да гэтай асобы, а тым больш, да самаго Хрыста. А таму, да біскупа трэба звяртацца так: “ксёндз біскуп”, “Ваша Эксцэленцыя”; да кардынала – “Ваша Эмінэнцыя”; да Святога Айца – “Ваша Святасць”. Да ксяндза мы звяртаемся наступным чынам: “ксёндз”, “ксёндз пробашч”, “ксёндз вікарый”, калі пробашч ці вікарый належыць да манаскай супольнасці, можна сказаць: “айцец”; да клерыка звяртаемся: “клерык”, “ксёндз”; да манаскай сястры – “сястра”. †