Легіён Марыі – гэта самая вялікая апостальская арганізацыя свецкіх католікаў, якая дзейнічае практычна ў кожнай краіне свету. Яна налічвае больш за 3 млн актыўных і каля 10 млн дапаможных легіянераў. Легіён Марыі мае на мэце абвяшчэнне Божай хвалы і імкненне да асабістай святасці праз малітву і апостальскую працу. Легіянеры заўсёды ідуць удвух як да няверуючых, так і да ахрышчаных, якія страцілі сэнс веры і прысутнасці ў Касцёле. Арганiзацыя заснавана Фрэнкам Дафам у Дубліне 7 верасня 1921 г. напярэдадні свята Нараджэння Багародзіцы. Легіён Марыі быў усхвалены 7 апошнімі Папамі і падтрыманы Другім Ватыканскім Саборам.
Мэта Легіёна Марыі – праслаўленне Бога і асвячэнне членаў Легіёну праз штотыднёвыя малітоўныя сустрэчы і практычнае выкананне апостальскай працы. Легіянер Марыі штодзённа чытае абавязковую малітву (tessera). У яго духоўным жыцці важную ролю адыгрывае ружанцовая малітва. Палаючы апостальскім духам здабывання душ для Хрыста, легіянер імкнецца скарыстаць з удзелу ў святой Імшы і ў буднія дні, з Літургіі гадзінаў, з чытання Святога Пісання, з духоўных чытанняў. А на працягу года легіянер прымае ўдзел у закрытых рэкалекцыях, пілігрымках, злётах, днях духоўных сустрэч або іншых супольных набажэнствах. Знаходзячыся пад апекаю духоўнага кіраўніка і маючы яго святарскае блаславенне, легіянер Марыі не адступае ні перад адным апостальскім заданнем. Углядаючыся ў крыж Хрыста, які збавіў свет, легіянер ведае, які кошт збаўлення кожнай душы. †