14 сімвалічных стацый

Задай пытанне

Кс. Алег КанановічКрыжовы шлях бярэ свой пачатак са шляху, які прайшоў Езус Хрыстус, асуджаны на смерць, пачаўшы ад плошчы Пілата да Галгофы. Мука разважаецца на 14 сімвалічных стацыях. Святое Пісанне не мае дакладнай трасы Крыжовага шляху, і толькі 9 з 14-ці стацый маюць сваю падставу ў евангелічных апісаннях мукі Пана.
    Першыя хрысціяне групамі ці паасобна пілігрымавалі ў Святую Зямлю, разважаючы мукі Збаўцы на тых месцах, дзе Яго катавалі і забілі. З IV ст. ва ўсім хрысціянскім свеце ставяць крыжы пры дарогах, каля рэк і ў мясцовасцях, куды вернікі накіроўваліся, каб разважаць муку Пана.
    У перыяд крыжовых паходаў (XI-XIII стст.) крыжакі будавалі капліцы, у якіх прадстаўлялі найважнейшыя падзеі з мукі Пана Езуса. Так узнік Крыжовы шлях, які ў наступных стагоддзях (XIV-XVII) яшчэ больш пашыраўся і распаўсюджваўся ў розных краінах.
    Пашырэнню Крыжовага шляху і яго распаўсюджванню спрыялі перш за ўсё манаскія ордэны, у асноўным францішкане. Стацый Крыжовага шляху часта было вельмі шмат. Так, разважанне Крыжа і Гробу Езуса ў першых стагоддзях пазней у некаторых раёнах павялічылася да некалькіх дзясяткаў, а нават некалькіх соцень стацый. У 1731 годзе Клеменс XII абмежаваў Крыжовы шлях да 14 стацый.
Першыя Крыжовыя шляхі ўзніклі ў Нідэрландах. Іх засноўвалі не толькі на адкрытых тэрыторыях, але і ў касцёлах, кляштарных галерэях і на могілках. Найбольш шчырым прапагандыстам Крыжовага шляху быў францішканін, св. Леанард Порта Маўрыцыа (+1751 г.). Ён пабудаваў на тэрыторыі Італіі 572 Крыжовыя шляхі. Адзін з найбольш вядомых з іх знаходзіцца ў рымскім Калізеі. Яго па просьбе св. Леанарда заснаваў тагачасны папа Бенедыкт XIV.