Дапамагчы тым, хто адышоў – выпамінкі

Задай пытанне

Набліжаецца лістапад – месяц нашай асаблівай духоўнай сувязі з памерлымі і малітвы за іх. Касцёл ад пачатку сваёй гісторыі ахінае асаблівай малітоўнай апекай душы памерлых, якія знаходзяцца ў чысцы і, каб дасягнуць раю, патрабуюць малітоўнай дапамогі. Першага лістапада вернікі запальваюць лампадкі на магілах сваіх блізкіх. У касцёлах жа складаюцца грашовыя ахвяры на т.зв. выпамінкі, ці карткі, на якіх пералічаны імёны і прозвішчы памерлых. Падчас набажэнстваў яны чытаюцца святаром, а іх душы даручаюцца Богу, каб Ён аказаў ім сваю міласэрнасць і прыняў у вечную хвалу. У нашай традыцыі існуе два тыпы такога клопату аб памерлых: лістападаўскія выпамінкі, калі імя памерлага чытаецца падчас лістападаўскага набажэнства за памерлых, а таксама гадавыя, калі памерлых успамінаюць раз на тыдзень перад св. Імшой на працягу ўсяго года.
Як з’явіліся выпамінкі? Які сэнс мае гэтае вычытванне імён памерлых, калі Бог і так іх усіх ведае? З якой мэтай гэта робіцца? Ці дапамагае ім гэта? Трэба пачаць з малітвы за памерлых. Ужо ў 2 Кнізе Макабэяў (раздзел 12) апісваецца каштоўнасць малітвы за памерлых “з прычыны змёртвыхпаўстання”. Якая ж гісторыя і вытокі выпамінак?
    Шукаючы глыбейшага сэнсу выпамінак, варта вярнуцца на некалькі стагоддзяў назад – да эўхарыстычнай літургіі, якая здзяйснялася ў старажытным Касцёле. Падчас падрыхтоўкі ахвярных дароў, альбо нават падчас эўхарыстычнай малітвы, чыталіся т.зв. дыптыхі, у якія хрысціяне запісвалі імёны яшчэ жывых біскупаў, ахвяравальнікаў, дабрачынцаў, а таксама святых мучанікаў, паслядоўнікаў і памерлых вернікаў. Імёны чыталіся гучна і працягвалася гэта вельмі доўга. Другі спіс – спіс святых – чытаў сам біскуп, а не ксёндз. Ён гаварыў: “Узгадаем блаславёных апосталаў і мучанікаў…”; затым пералічваліся імёны святых (часам сягалі аж да Старога Запавету, нават да Адама). І, нарэшце, трэці спіс, які таксама чытаў біскуп, уключаў у сябе імёны памерлых. Біскуп гаварыў: “Узгадаем таксама і душы тых, хто спачыў: Гілярыя, Атаназія і г.д.”.
    Аднак праз цырымонію пералічвання імён перш за ўсё выяўлялася сувязь супольнасці і любові, якая злучала ўсіх членаў хвалебнага (святыя), пакутуючага (памерлыя) і змагаючагася (жывыя) Касцёла. Змяшчэнне імені ў дыптыху сведчыла аб трыванні ў еднасці з касцёльнай супольнасцю, а выкрэсліванне – аб выключэнні з яе (экскамуніка). Пасля таго, як дыптыхі прачытваліся, іх клалі на алтары, на якім справавалася Эўхарыстыя, што таксама мела сваё значэнне.