Медыцына: межы дазволенага

Задай пытанне

У Францыі распачалася прадукцыя “дзяцей-лекаў”. Першае такое дзіця нарадзілася 26 студзеня (2011г.) у сужэнстве, якое пакутавала на генетычнае захворванне крыві (beta thalassemia). Шляхам прэнатальнага адбору (метадам “in vitro”) генетыкі спачатку зрабілі больш за дзесяць асоб. Пасля тэсціравання медыкі выбралі некалькі найбольш здаровых дзяцей, а іншых пазабівалі. Пасля забілі і “лепшых”, пакідаючы жыццё “найлепшаму”. Бацькі назвалі яго Umut-Talha (па-турэцку - “наша надзея”).
    Медыйная кампанія, арганізаваная прыхільнікамі генетычнай інжынерыі чалавека, з захапленнем распавядае пра шчаслівых бацькоў здаровага дзіцяці. Але чамусьці зусім замоўчвае, якім коштам яно было народжана. Каб на свет прыйшло “аптымальнае” (паводле меркавання біятэхнолагаў) дзіця, трэба было стварыць, а пасля забіць некалькі дзесяткаў чалавек.
    На гэтую падзею рэзка адрэагавала Канферэнцыя Епіскапату Францыі, адразу ж склікаючы прэс-канферэнцыю. Арцыбіскуп Рэнэ П’ер д’Арнэла (адказны за справы біяэтыкі) выступіў з вострай крытыкай ператварэння чалавека ў інструмент біятэхналогій, а тым больш - у лекавы матэрыял. Іерарх заўважыў, што гэтая падзея перакрэслівае не толькі прынцыпы рэлігіі ці гуманізму, але і Міжнародную канвенцыю правоў чалавека.
Дадзеная падзея з’яўляецца працягам палітыкі многіх сучасных краін па развіцці еўгенікі і генетычных доследаў на людзях. Французскі казус адкрывае надзвычай небяспечнае поле для маніпуляцый.
    Па-першае, факт прадукцыі людзей у біяінжынерных лабараторыях стварае прэцэдэнт да новага падзелу паміж людзьмі. Бо адны будуць “выпадковымі” (натуральнае зачацце), а іншыя – тэхнічнымі (штучна выведзенымі) “прадуктамі”. Натуральна паўсталая асоба можа лічыць, што яе хацеў Бог, што яе праблемы - гэта дадзенасць лёсу. У той жа час “штучны” чалавек будзе жыць з пастаянным комплексам, што ён - не “натуральны”, што дзеля яго нараджэння былі забітыя яго браты і сёстры, што ва ўсіх яго праблемах вінаваты канкрэтны працаўнік лабараторыі, які яго “выводзіў”.
    Па-другое, генетычны адбор людзей дае шырокія магчымасці палітычнай маніпуляцыі асобамі і грамадствам. Гэта стварае спакусу “вытворчасці” людзей на заказ. І гэты заказ можа ісці ў кірунку вывядзення грамадства супермэнаў, а можа - у напрамку селекцыі кіруемага грамадства. Каста біялагічна ідэальных людзей будзе разглядацца як “лепшая”, а звычайныя людзі - як “горшыя”. Дастаткова ўявіць сабе, на што будзе здольны спецыяльна выведзены генетыкамі салдат або спецназавец.
    Па-трэцяе, селекцыя людзей з нейкай канкрэтнай мэтай (развіццё нейкай здольнасці) будзе рабіць іх больш эфектыўнымі ў адным, але адначасова абмежаванымі ў другім. Замена ў нейкай галіне звычайнага чалавека “выведзеным” спецыялістам прывядзе да росту напружанасці паміж людзьмі і парушэння натуральнай раўнавагі.
    Па-чацвёртае, біятэхнолаг не можа кантраляваць усе наступствы “прадукту”. Мэта не заўсёды можа апраўдацца. Напрыклад, стварэнне згаданага намі французскага дзіцяці мела канкрэтную мэту: яго арганізм павінен стаць лекам для сям’і. Што стане, калі акажацца, што біятэхнолагі памыліліся, нешта не ўлічылі? “Інструмент” стане непрыдатным. Гэта можа быць праблемай для самой “асобы-прадукта”, якая будзе ўсведамляць сваю непрыдатнасць. Але яшчэ большую дылему будуць перажываць бацькі, якім абяцалі ідэальнае дзіцё, а ў выніку яны могуць мець дачыненне з інвалідам. Псіхалагічна ў кожнай праблемнай сітуацыі бацькі будуць абвінавачваць біятэхнолагаў, якія “сканструявалі” ім дрэннае дзіцё. Яшчэ жудасней будзе выглядаць сітуацыя, калі “заказчыкам” будуць не любячыя бацькі, а дзяржава або прадпрыемства.
    Па-пятае, згода (юрыдычная, маральная) на інструменталізацыю чалавека прывядзе да разлажэння грамадства і абясцэньвання чалавека самога па сабе. Бо дзіця (канкрэтны чалавек) будзе разглядацца як нечая ўласнасць (бацькоў, нейкай медыцынскай фірмы, дзяржавы і г.д.). І ўласнік можа цалкам ёю распараджацца. Ад волі “гаспадара” будзе залежаць жыццё, ацэнка, выбары чалавека-“інструмента”.
    Аргументы можна яшчэ працягваць і працягваць. На жаль, калі раней падобныя разважанні датычылі “science fiction”, то цяпер гаворка ідзе пра рэальных людзей. Яшчэ ўчора здавалася, што пасля жахлівага досведу фашысцкай медыцыны людзі не пойдуць на эксперыменты з чалавекам. Аднак апошнія падзеі паказваюць, што секулярна арыентаваная медыцына ўсё больш губляе чалавечае, маральнае аблічча.