Гэта збор пятнаццаці малітваў св. Брыгіты да Збавіцеля і Яго цудоўных абяцанняў. Паводле біёграфаў, факт аб’яўлення меў месца ў Рыме, калі Брыгіта малілася ў славутай Базыліцы св. Паўла за Мурамі. Наведваючы сёння базыліку, можна ўбачыць распяцце ў натуральную велічыню, перад якім кленчыла св. Брыгіта. Тут яна размаўляла з Укрыжаваным Хрыстом.
Святая Брыгіта нарадзілася каля 1302 г. у Швецыі ў багабаязнай сям’і. Яна паходзіла з княжацкага роду. Неўзабаве пасля яе нараджэння памірае маці, выхаваннем займаюцца зычлівыя цёткі. На працягу першых трох год свайго жыцця дзяўчынка не магла вымавіць аніводнага слова. З дзіцячага ўзросту Брыгіта адзначалася асаблівай пабожнасцю. Праз некаторы час да яе вяртаецца здольнасць гаварыць. Брыгіта шмат часу прысвячала малітве і духоўным практыкаванням. Дзесяцігадовай дзяўчынкай яна прысніла сон. Ёй здавалася, што яна бачыць Езуса, прыбітага да крыжа, параненага і сплываючага крывёй. Сон вельмі ўразіў Брыгіту і надоўга застаўся ў яе свядомасці. Яна прысвячае сваё жыццё роздуму пра пакуты Хрыста. Маладой дзяўчынай яна ўзяла шлюб з Ульфам Гудмарсонам. Нарадзіла васьмёра дзяцей, у тым ліку і сваю духоўную спадкаемцу св. Кацярыну, названую Шведскай. Брыгіта атрымала ад Бога дар прароцтва. Яна прадказала Божыя кары для шведскага караля, а таксама прасіла папу Інакенція VI, а пазней Урбана V вярнуцца ў Рым. Яна будуе кляштар і імкнецца зацвердзіць ордэн брыгітак. Памірае ў прадказаны ёю дзень у 1373 г., а праз пяць год быў зацверджаны ордэн сёстраў-брыгітак. Праз 18 год пасля смерці яна была вынесена на алтары. Папа Бэнэдыкт XVI акрэслівае верагоднасць аб’яўленняў св. Брыгіты. Святая дала штуршок ушанаванню Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Яго балеснай пакуты. †