Адкуль я магу ведаць, што Бог прызывае мяне да святарства?

Задай пытанне

Гісторыя кожнага святарскага прызвання з’яўляецца невымоўнай гісторыяй дыялогу паміж Богам і чалавекам, паміж любоўю Бога, які прызывае, і свабодай чалавека, які з любоўю Яму адказвае. Найбольш прыкметна гэта было адлюстравана на прыкладзе прызвання дванаццаці апосталаў. Адсюль пакліканне з’яўляецца Божым дарам, а не правам чалавека, таму нельга разумець святарскае прызванне як звыклае вылучэнне чалавека.
    Ты спытаеш: “Ці я пакліканы, ці менавіта мяне прызывае Хрыстус?” А я спытаю ў цябе, малады сябар: “Чаму менавіта ты задаеш такое пытанне?”, “Адкуль “чэрпаеш” змест аналагічнага пытання і адкуль ведаеш такія словы, якія ты не чуў у школе ці на дыскатэцы?” Я падкажу табе: “Паколькі ты доўга вядзеш дыялог з Хрыстом і тваё сэрца настроена на хвалі Хрыстовага закліка: “Ідзі за Мной!” (Мц 4, 19). Запытайся ў свайго калегі з класа: “Ці ён чуе падобны заклік, ці яго сэрца турбуюць такія думкі?” Ён проста адкажа табе, што не ведае, пра што ты гаворыш. Не здзіўляйся гэтаму, бо проста твой калега не чуе гэтага прызыва “Ідзі за Мной!”. У адносінах да яго ў Бога ёсць іншыя планы, іншае пакліканне, да якога Ён пакліча яго ў свой час. І тут мы вяртаемся да твайго пытання: “Ці я з’яўляюся пакліканым, і ці Хрыстус прызывае мяне?”
Гэтае пытанне хвалюе тваё сэрца, таму што менавіта ты, калі сёння адкажаш: “Так” Хрысту, то ў будучым станеш ля Яго алтара і ад Імя Хрыста будзеш ажыццяўляць святыя сакрамэнты, катэхізаваць дзяцей і моладзь, прыйдзеш на дапамогу бедным і пакутуючым, злучыш святарскім благаславеннем любоў нарачоных, пахілішся ля таго, хто памірае. І ўсё гэта ты зробіш, каб прыблізіць чалавеку Бога і прадставіць Творцу людскія патрэбы.
    Ці ты павінен гэта рабіць? А ці ты бачыў, як высыхаюць слёзы на шчацэ самотнай асобы пасля таго, як яе наведаў святар, ці жонку, якая пасля споведзі ідзе праз увесь касцёл і цалуе мужа, гаворачы яму: “Я прабачаю табе”? Такім спосабам ты ратуеш сям’ю, трое дзяцей ад сірочага прытулку, бацькоў ад слёз, а ва ўсім гэтым ты даеш “зялёнае святло” для збавення.
    Ты спытаеш: “Што рабіць са светам, з яго прапановамі: матэрыялізмам, спажывецтвам, секулярызмам, маральным рэлятывізмам і ў дадатак рэлігійнай абыякавасцю?” Гэта праўда, сённяшні свет прагрэсу прываблівае сваёй безліччу. У сённяшняга маладога чалавека ёсць складанае заданне, ён стаіць перад выбарам. З аднаго боку – прапанова свету, дзе шлях шчасця прапануе фартуна і задавальненне, а з другога - прапанова службовага святарства, дзе найважнейшым з’яўляецца служыць бліжняму, сціплае жыццё, паслухмянасць і халасцяцкі стан. Ісці супраць цячэння, адрачыся ад свецкіх спакусаў сапраўды патрабуе высілку. А калі ты атрымаў прапанову, то зможаш і перамагчы. Даверся Хрысту, таму што Ён даверыўся табе, кіруючы ў цішыні тваёй існасці словы: “Ідзі за Мной!” Ідзі, не бойся. Гэта для цябе св. Марк занатаваў у Евангеллі, прачытай: “І ўзыходзіць на гару, і кліча да Сябе тых, каго Сам хацеў, і прыйшлі да Яго” (Мк 3, 13).