Ці можна прымаць св. Камунію два разы ў той жа самы дзень?

Задай пытанне

Кс. Павел СалабудаКаб адказаць на вышэй прыведзенае пытанне, неабходна абавязкова звярнуцца да дакументаў Касцёла, якіх ёсць мноства на гэтую тэму. Перш за ўсё – гэта Кодэкс Кананічнага Права, які падае так: “Хто прыняў Найсвяцейшую Гостыю, можа яе прыняць у той жа самы дзень толькі падчас ажыццяўлення Эўхарыстыі, у якой прымае ўдзел (...)” (кан. 917). Кодэкс называе важную ўмову: каб прыняць св. Камунію другі раз, асоба павінна ўдзельнічаць у цэлай св. Імшы. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (нумар 1388) нагадвае кожнаму з нас, што “..слушна, каб вернікі, калі толькі яны адпаведна настроены, прымалі св. Камунію, калі ўдзельнічаюць у св. Імшы”. Канстытуцыя Sacrosanctum concilium (n 65) рэкамендуе прымаць св. Камунію падчас св. Імшы, тлумачачы, што яна садзейнічае поўнаму ўдзелу ў ахвяры св. Імшы.
    Нас так павучае Касцёл. Я хацеў бы таксама падзяліцца некалькімі сваімі думкамі на гэтую тэму. Кожны вернік, які прымае ўдзел у св. Імшы, перш чым прыняць св. Камунію, павінен паклапаціцца пра чысціцю сваёй душы. І называем гэта поўным удзелам у св. Імшы. Мы, прыступаючы да св. Камуніі, усведамляем, што прымаем самога Бога.
Людская істота, дбаючы пра чысціню ўласнай душы, павінна упэўнена сказаць, што яна – чыстая, што гэта годнае месца, падрыхтаванае для Хрыста. Кожны з нас добра ведае, што мы не заўжды можам так сказаць, бо грэх і спакуса прысутнічаюць у жыцці кожнага з нас, таму трэба найхутчэй паспавядацца. Кожны раз перад прыняццем св. Камуніі мы выказваем словы: “Пане, я не годны, каб Ты прыйшоў да мяне. Скажы толькі слова, а будзе вылечана мая душа”.
    Мы, прымаючы св. Камунію, атрымліваем мноства ласкаў: пра гэта ўспамінае шмат святых. Святы Ігнацый Лаёла прыгожа маліўся пасля прыняцця св. Камуніі: “Душа Хрыста – зрабі святым мяне, Цела Хрыста – збаў мяне”. Святая Камунія з’яўляецца аб’яднаннем з Богам і пра такое яднанне павінен паклапаціцца кожны з нас. Трэба памятаць, што нельга “калекцыяніраваць” св. Камуніі – трэба прымаць іх належным чынам і годна. Адна св. Камунія ці тры – гэта ж той жа самы Хрыстус, які нас цалкам вылечвае і ўжо прысутнічае ў нашым жыцці. Няхай кожны з нас, прыступаючы да св. Камуніі, памятае пра ўмовы, якія трэба выканаць. У нашай краіне мы прымаем св. Камунію ў вусны, кленчачы і трымаючы рукі, складзеныя на грудзях. Вернік, прыступаючы да св. Камуніі, павінен заўжды захоўваць пашану да такога вялікага сакрамэнту.