Добрае слова святару

Зваротная сувязь - Лісты чытачоў

Складаная і няпростая гэта справа – выхоўваць вернікаў духоўна здаровымі і адказнымі. Ксёндз Павел Калеснік за гэты нядоўгі час здолеў стаць для нас добрым пастырам.
    Ён старанна вучыць ісці па шляху, які вядзе да паяднання з Богам, настаўляе няўмелых і падтрымлівае слабых, суцяшае засмучаных і наведвае хворых, бласлаўляе і моліцца за нас. Заўсёды падае прыклад глыбокай малітвы, мудрага слова і духоўнай моцы. Кожнае казанне пробашча насычана светлай любоўю да Бога, Радзімы, людзей. Словы святара напаўняюць на- шы сэрцы верай, надзеяй і любоўю да Пана Езуса Хрыста, за што мы яму вельмі ўдзячныя.

Наш пробашч – натура творчая, мэтанакіраваная. Усё ў яго атрымліваецца. Ён вельмі добры, чалавечны, інтэлігентны, мудры, справядлівы, цярплівы, старанны, безадказны, працалюбівы. З ім лёгка размаўляць.
    А колькі мерапрыемстваў праводзіцца ў нашым касцёле! Яны не забудуцца, бо пакідаюць у сэрцах вернікаў глыбокі след.
    Прыгожа і ўрачыста пробашч праводзіць хрышчэнне дзетак, удзяляе шлюб маладым. Не так даўно ў касцёле прайшло свята Першай Камуніі.
    Гэта свята не толькі для дзяцей, якія першы раз прынялі Цела Езуса Хрыста ў свае сэрцы, але і для ўсёй нашай парафіі. Увогуле, усё, што ладзіцца ў касцёле, праводзіцца з вялікай любоўю і адказнасцю.
    Трэба адзначыць таксама зладжаную работу святара і касцёльнага камітэта як пры падрыхтоўцы і правядзенні свят, так і ў штодзённым жыцці пры вырашэнні розных праблем. Хіба не ўдасца пералічыць усё, што праведзена і зроблена за такі кароткі час у нашым касцёле. А якія ў пробашча планы! Незразумела толькі, калі ён адпачывае, таму што кіраваць такой вялікай парафіяй аднаму вельмі цяжка.

    Мы, вернікі, дзякуем Богу за тое, што паслаў на наш шлях такога цудоўнага святара і сапраўднага гаспадара нашага касцёла. Выказваем падзяку святару за распалены агонь веры, шчырую малітву, адкрытае сэрца і самаадданае служэнне Богу і людзям. Таксама выказваем падзяку ксяндзам Андрэю Аніскевічу і Валерыю Аброшку за падтрымку і дапамогу нашаму святару.
    Спадзяёмся, што ксёндз Павел яшчэ доўга будзе выпраменьваць святло любові і саграваць цяплом усіх нас. Нізкі паклон за нястомную працу, духоўную апеку, шчырую малітву, цярплівасць, дабрыню і разуменне.
    Няхай Ваш святарскі шлях, паважаны ксёндз Павел, будзе асвечаны прамянямі Божай міласэрнасці.