Я атрымаў Святога Духа!

Лісты чытачоў

У чэрвені 2012 года я ўпершыню трапіў на рэкалекцыі ў Рось. Іх праводзіў а. Джэймс Манджакал. Калі святар маліўся аб ацаленні, назваў і маё імя. Я атрымаў Святога Духа! На працягу цэлага месяца нібы лётаў на крылах, не адчуваў ніякага болю (меў 2 грыжы пазваночніка і хранічны гепатыт), на працу хадзіў з лёгкасцю. Быў поўны высокіх думак і жадання рабіць дабро, любіць усіх людзей. З часам усё патроху пачало згасаць, але меў моцнае прагненне і надалей трываць у такім цудоўным стане.
Як рэкамендаваў а. Джэймс, я пачаў раніцай маліцца Ружанцам і Вяночкам да Божай Міласэрнасці. Праз нейкі час узяўся за чытанне Бібліі. Пасля ўступіў у малітоўную групу. Да споведзі прыступаў 1–2 разы на месяц. Адчуваў у гэтым духоўную падтрымку.
   Праз некалькі гадоў упершыню адправіўся ў пілігрымку ў Рось. Увечары на адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту я доўгі час плакаў. Жанчына, якая стаяла побач, сказала: “Бог цябе любіць”.
У жніўні бягучага года я зноў удзельнічаў у рэкалекцыях у Росі. Падчас канферэнцыі разумеў усё, што гаварыў ксёндз, нібы некаторыя падзеі адбываліся асабіста са мной. Пасля гэтых духоўных практыкаванняў напоўніўся моцным жаданнем дапамагаць бліжнім, распавядаць, як Бог змяніў маё жыццё…
   
    Штодня спазнаю Божую дапамогу. Давяраю сваё заўтра, усе свае справы Езусу і Яго Найсвяцейшай Маці.