Разам у малітве

Лісты чытачоў

Бег часу няўмольны. Здаецца, што толькі ўчора Божы Провід паслаў да нас пробашчам кс. д-ра Аляксандра Севасцьяновіча, а ўжо мінула амаль 10 гадоў. Увесь гэты час мы разам. Разам у малітве, разам і ў працы, разам у радасці і скрусе.
Дзень за днём, год за годам наш касцёл змяняецца. Змяняемся і мы, людзі, слухаючы навуку пробашча і ўсё больш і лепш сузіраючы сябе вачамі Бога.
    У мінулым годзе дзякуючы кс. Аляксандру Севасцьяновічу ў нашай парафіі адбылося нямала асаблівых і значных падзей. Гэта перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай у рамках святкавання 100-годдзя аб’яўленняў Марыі ў Партугаліі. Мясцовыя вернікі з вялікай любоўю рыхтаваліся да той сустрэчы. Усё было распісана па хвілінах, каб Маці Божая не сумавала ў нашым касцёле. Сустрэча, малітва на ружанцы, св. Імша, начное чуванне… Кожны, хто хацеў, мог наблізіцца да Марыі, адчуць Яе клопат і ўмацаваць сваю веру. Змяніцца і старацца ісці далей па жыцці так, як Яна, якая шмат ведала, але мала гаварыла, была пакорная і паслухмяная Богу.
Павучальнай і запамінальнай падзеяй для нас стаў адпуст з двухдзённымі рэкалекцыямі, якія праводзіў кс. Віктар Ханько з парафіі Масты. Напрыканцы вернікаў чакаў сюрпрыз. Як і кожны год, напярэдадні калядных свят з віншаваннямі і падарункамі да нас завітаў св. Мікалай, якога з нецярплівасцю чакалі дзеці (і католікі, і праваслаўныя). Хлопчыкі і дзяўчынкі сустракалі госця вершамі і песнямі.
    На Божае Нараджэнне нашыя дзеці пад кіраўніцтвам катэхеткі Марыны Ліннік прадставілі калядную пастаноўку, як усё адбывалася 2000 гадоў таму. Ужо стала традыцыяй кожны Новы год – 31 снежня ў 24.00 – пачынаць у малітве на св. Імшы. Не быў выключэннем і 2018 год, на распачацце якога мы папрасілі ў Пана прабачэння за правіны, здзейсненыя ў пражытым часе, а таксама маліліся аб Божым бласлаўленні на далейшыя дні. Што можа быць выдатней?
   
    Кс. Аляксандр, Вы – чалавек радасці, Вы нясеце людзям надзею. Няхай любоў Усемагутнага і мудрасць заўсёды прабываюць у сэрцы, а мы і надалей будзем браць з Вас прыклад і імкнуцца таксама быць сведкамі Божай любові.