Хіба гэта не цуд!

Лісты чытачоў

У 50-гадовым узросце я шчыра паспавядалася з усяго свайго жыцця. Гэта было ў пачатку 2009 года, калі Бог прыслаў у наш пасёлак першага пасля Другой сусветнай вайны пробашча – кс. Аляксандра Севасцьяновіча.
    На першы погляд здавалася, што Пан Езус прыняў мае грахі, адчувалася лёгкасць. Тэарэтычна я разумела, што з’яўляюся Божай дачкой, жыву ў створаным Ім свеце... Але так хацелася адчуць сэрцам паўнату любові Усемагутнага! Я ўсведамляла, што гэта не так проста, але ўсё ж прагнула. І імкнулася да гэтага з дня ў дзень. Шмат малілася, слухала пропаведзі, чытала Пісанне, разважала над ім, цікавілася сведчаннямі і жыццём святых, пасцілася за грахі, а потым – і ў іншых намерах. З любоўю прымала ўсё тое, што Бог дапускаў. У тым ліку і церні, цяжкасці, за якія дзякавала і са слязьмі прасіла аб дапамозе. Усемагутны даваў спакой... Увасабляючы ў жыццё Божыя планы, намеры, даверыўшыся Яму цалкам, разумееш, што Бог цябе ніколі не пакіне.
Памятаю, як пасля споведзі святар мне сказаў, што праз 6 гадоў я буду іншай. Адразу думка: “Як? Я ж ужо іншая!”. Гэта цяпер я бачу: грахі мінулага не пакідалі і зноў даводзілася грашыць. Складана... Але галоўнае, што Езус не асуджае, а стаіць побач, гатовы ў сваёй славе суцешыць і падтрымаць. З той пары мінула не 6, а 8 гадоў. Я адчуваю любоў Стварыцеля. Бачу тую заканамернасць, якую раней не заўважала ці, можа, не хацела заўважаць. Чым бліжэй да Бога, тым гарачэй жаданне Яму падпарадкавацца. Гэта чароўны абмен! Бог дае ласку наблізіцца да святасці, а я аддаю Яму час праз нястомную малітву на ружанцы, шматкротны пост на хлебе і вадзе, штодзённае перажыванне набажэнства Крыжовага шляху, адмаўленне Вяночка да Божай міласэрнасці ў святую гадзіну. Падказкі падае сам Святы Дух: “Добрыя ўчынкі! Ты павінна быць прыкладам для акружаючых”. Працягваючы працаваць над сабой, вымаць “бярвёны” з вачэй – такім чынам вызваляючыся ад сваёй “трухлявасці” (Мц 7, 5) – ты ўжо злучаешся з Панам, які абуджае і натхняе.
    Дапамагае ўсяму гэтаму штодзённае выпрабаванне сумлення, пару хвілін шчырасці перад сабой і Богам. У гэты час Святы Дух адкрывае тыя моманты, калі адвярнуўся ад Бога, забыўшыся, што Ён ёсць Любоў. Але праз раскаянне ў сваіх недахопах зноў і зноў ідзеш да споведзі, выпрошваючы ў Пана міласэрнасці.
    І атрымліваеш! Хіба гэта не цуд?
    Паважаны пробашч кс. Аляксандр, хутка Вы адзначыце Дзень нараджэння. У малітве разам з парафіянамі просім Бога, каб усё, што аддаеце на Яго хвалу, прымнажалася. Няхай Ваша імкненне да святасці і далей прыцягвае ўсіх нас да крыніцы міласэрнасці. Спадзяюся, маё сведчанне стане для Вас падарункам за добрае і чыстае сэрца, за любоў да людзей, якой ніколі не шкадуеце. “Няхай святло ваша так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах” (Мц 5, 16). Хвала Богу і Марыі Дзеве!