Вось-вось Езус падхопіць мяне...

Лісты чытачоў

У жыцці кожнага чалавека ёсць моманты, пра якія яму часам не хочацца ўспамінаць, а бывае, што пражытыя хвіліны жыцця навяваюць радасць...
У памяці паўстаюць дні майго дзяцінства. Прайшло яно ў г. п. Вялікая Бераставіца ля самаго касцёла Перамянення Пана. Памятаю, я глядзела праз акно на касцёльную вежу і па-дзіцячы наіўна думала, што праз яе з неба спускаецца Бог. Штодня я ядналася з Ім у малітвах, якім мяне навучылі бацькі.
    Узгадваецца вечар, калі я, шасцігадовая дзяўчынка, вярталася ад сяброўкі дамоў. На вуліцы гарэлі ліхтары. Раптам у рове, які быў ля самай касцёльнай агароджы, нешта заварушылася. Мяне агарнуў такі страх, што я нават не памятаю, як аказалася на тэрыторыі касцёла. Зачыніўшы брамку, думала, што гэта канец майго жыцця. У той момант мяне нібы нехта страсянуў. Погляд упаў на фігуру Хрыста. Мне здалося, што яна ажыла: вось-вось Езус падхопіць мяне сваімі распасцёртымі рукамі. Страх у адзін момант прапаў. Па целе пайшло цяпло, і на душы стала вельмі лёгка. Цяпер я разумею, што Бога трэба любіць усім сэрцам. Менавіта праз давер, па-дзіцячы чысты і наіўны, адчуваеш Яго ў сваім жыцці.
Успамінаю і той час, калі вера ў Бога забаранялася. Бераставіцкі касцёл, як і многія іншыя, быў зачынены. Я моцна верыла, што Госпад усемагутны і жыццё некалі зменіцца.
    І праўда, мінуў час. Вернікі атрымалі магчымасць маліцца ў касцёле. Як казаў Ёган Готфрэйд Соймэ, “боль і радасць ляжаць у адной лупіне – іх мяшанка і ёсць людскі лёс”.
    Я часта наведваю свае родныя мясціны. Душа радуецца ад таго, што існуе прадаўжэнне памяці продкаў, яднанне вернікаў праз малітву. Як і многія людзі, я ўдзячна Богу за тое, што ў парафіі ёсць такі пастар, як Вальдэмар Слота. За перыяд яго прабывання ў якасці пробашча бераставіцкага касцёла зроблена вельмі шмат. Вядома, заслуга парафіян неацэнная, аднак гаспадар і арганізатар тут ксёндз.
    Пабудавана плябанія. Уладкаваны пакоі, класы для катэхетычнага навучання. Для моладзі каля касцёла зладжана валейбольная пляцоўка. З вуліцы і ўнутры касцёла зроблены рамонт. Заменены вокны, лаўкі. Усталяваны асвятленне святыні, абагрэў падлогі і касцёла, маніторы, электронныя званы. Мелодыя гадзінніка, здаецца, даносіць праз вежу ў неба ўсё, што адбываецца ў касцёле, каб анёлы там цешыліся. Сцежкі і пляц вылажаны тратуарнай пліткай. Ля фігуры Маці Божай струменіцца раднічок чыстай вады. Вакол касцёла парадак, прыгажосць і ўтульнасць.
    ...Душа чалавека жывіцца тым, з чаго цешыцца. Дык няхай душы людскія ніколі не чарсцвеюць і вечна радуюцца сапраўдным і ўзвышаным рэчам, дзякуючы такім пастарам, як Вальдэмар Слота і яму падобныя.