"Будзь міласцівы і абмый мяне з бруду..."

Лісты чытачоў

Час Вялікага посту – гэта час яшчэ большай барацьбы з грахамі, паглыблення ў сабе і адданасці малітве і справам міласэрнасці. Гэта час ачышчэння, бо літургічныя тэксты разам з набажэнствамі Крыжовага шляху і Песень жальбы ствараюць спрыяльны для працы над духоўным адраджэннем клімат. “Будзь міласцівы і абмый мяне з бруду, у якім мяне трымае грэх, утвары сэрца чыстае”, – хіба ж гэтыя словы не даюць магчымасці задумацца і зрабіць рахунак сумлення з усяго свайго жыцця, асабліва ў такім узросце, як мой.
    Задаўшыся гэтай мэтай, я прыйшла да высновы, што нашае пасляваеннае пакаленне нешчаслівае, таму што значны прамежак часу мы пражылі ва ўкрыцці ад Бога. Мы не мелі магчымасці адкрыта наведваць святыні, нават тыя, якія і былі дзе-нідзе адкрытыя. А настаўнікі ў той час не мелі права нават думаць пра рэлігію. Таму прыходзілася ехаць за сотні кіламетраў, каб хаця б раз на год паспавядацца, і шлюб браць уначы пры святле адзінай свечкі, і дзяцей хрысціць патаемна, каб ніхто не дазнаўся. Бо страціць працу было страшна.
Памятаю выпадак, які на ўсё жыццё застанецца перад вачамі. Варшава. Дзеці ў святыні мелі Першую Камунію. Божа, якая ўрачыстасць! Я нічога не магла ўбачыць, бо слёзы крыўды засцілалі мае вочы. Чаму маім дзецям перажыць такое немагчыма?
    Але ў Бога ўсё магчыма. І я цяпер радуюся таму, што магу свабодна наведваць святыню, што нават паглыбляю свае веды, дыскутуючы з унукамі на тэмы Бібліі. У нас не было такой магчымасці, а яны рэгулярна наведваюць заняткі рэлігіі, рыхтуюцца да Парафіяд, чытаюць Божае слова. І калі б увесь перажыты час быў такім плённым, калі б мы мелі магчымасць пашыраць сваё веданне Бібліі і жыццяў святых, умелі па-божаму адрозніваць дабро ад зла, то нам не трэба было б скідваць з сябе цяжар грахоўных дзеянняў, якія былі здзейснены ў мінулым з-за няведання: гаданні, магічныя рытуалы, амулеты, бабкі-шаптухі. Тады мы не разумелі ўсёй глыбіні адмоўнага адлюстравання гэтых грахоў на лёсе сваім і нават наступных пакаленняў. Прабач нам, Божа! Бяда была таксама ў тым, што не было кніг, якія б дапамагалі стаць у праўдзе перад Богам. Цяпер мы ўсведамляем важнасць малітвы ў нашым жыцці, бо маем Біблію, малітоўнікі, спеўнікі, часопісы, жыццярысы святых, газеты, такія як “Слова Жыцця”... А якое важнае абвяшчэнне Божага слова з вуснаў святароў, якія так зразумела і даступна сеюць у душы вернікаў Божае святло. Нашыя кс. Чэслаў Паўлюкевіч і кс. Андрэй Радзевіч валодаюць сапраўдным Божым дарам – уменнем цудоўна даносіць да сэрцаў вернікаў Божае слова. Дзякуй ім! Колькі Божага святла ўліваецца ў душы вернікаў падчас рэклекцый, якія арганізуе наш пробашч кс. Чэслаў. І набажэнствы да Езуса Журботнага ў кожную другую суботу месяца. Проста сэрца спявае ад радасці, калі бачыш чэргі да месцаў ачышчэння – асабліва ў Вялікім посце – да канфесіяналаў. Усе гэтыя крынічкі, як праменьчыкі, асвятляюць дарогу да святасці. Трэба толькі слухаць, выконваць, разважаць, перапрацоўваць сэрцам.
    Я вельмі ўдзячна Богу, і гэта асабліва разумеецца ў час Вялікага посту, калі яшчэ раз прагортваеш сэрцам і душой старонкі Крыжовага шляху Яго Адзінароднага Сына Езуса, за тое, што выбраў нашу святыню санктуарыем Езуса Журботнага, які ў цярнёвай кароне вітае і запрашае ўсіх да ачышчэння душы ад усякага смецця, якое перашкаджае крочыць шляхам да святасці, а яшчэ стаць больш міласэрнымі і праз міласціну заўважаць раны іншых людзей і дапамагаць ім.
    У маім жыцці было многа добрых людзей, якія дапамагалі мне ў цяжкія часы і навучылі міласэрнасці. Таму я, не маючы вялікіх матэрыяльных каштоўнасцей, маю моцную веру і міласэрную душу.
    Жадаю ўсім у час Вялікага посту, каб іскрынкі Божага святла, якія ўліваюцца праз усе крынічкі пазнання Божай праўды, разгарэліся ў вялікае полымя вашых сэрцаў – полымя дабрыні і міласэрнасці.