Ябланова. Святыня над Нёманам

Парафіі і святыні

 Рэшткі капліцы ў Ябланове
Сёння населенага пункта Ябланова няма на карце Гродзеншчыны. Маёнтак Ябланова і старая капліца каля яго засталіся толькі на старых даваенных планах. Ад капліцы, праўда, засталіся яшчэ і сцены. Яна пабудавана ў тым жа стылі, што і нядаўна адноўлены касцёл у Воўчыне Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Капліца мае цалкам такі ж цэнтрычны квадратны план і будаўнічы аб’ём, тую ж яруснасць ваконных праёмаў на аднолькавых фасадах, тую ж таўшчыню сцен і такія самыя прыёмы цаглянай кладкі. Асабліва цікавы прыём дэкарыравання тынкоўкі фасадаў: плоскасці паміж пілястрамі запоўненыя маленькімі ямачкамі-кропачкамі, што стварае цікавы эфект вылучэння пілястраў пры іх адносна невялікай таўшчыні. Дах некалі меў прыгожы ліхтар з каронай. Унутры ў чатырох кутах былі ложы з балконамі на двух паверхах.
Маёнтак у Ябланове належаў да ваўпянскіх уладанняў, значыць, да Сапегаў. Караліна Тэрэза з Радзівілаў, удава Казіміра Караля Сапегі, выйшла замуж за Юзафа Аляксандра Ябланоўскага ў 1740 годзе і перадала яму свае вялікія ўладанні – Ябланова і Воўпу. Менавіта ён быў фундатарам капліцы, муры якой захаваліся да нашых дзён.
    Ябланоўскі – дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, гісторык, мецэнат. Атрымаў хатнюю адукацыю, падарожнічаў па Еўропе. Жаніцьба на Караліне Сапезе дала яму магчымасць набыць маёнтак і дзяржаўныя пасады – стольніка ВКЛ і навагрудскага ваяводы. Каб не падпісваць умовы першага падзелу Рэчы Паспалітай, ён паехаў у Лейпцыг і стварыў там Навуковае таварыства Ябланоўскіх (лац. Societas Jablonoviana). Быў аўтарам прац па старажытнай гісторыі славян і Польшчы: “Сармацкая імперыя, сёння Польскае каралеўства”, “Карты Польшчы”. Займаўся астраноміяй, матэматыкай, эканомікай.
    Пасля смерці жонкі Караліны Ябланоўскі ажаніўся паўторна з выхаванкай Браніцкіх Францішкай Вікторыяй, князёўнай Варанецкай, беднай, але вельмі прыгожай. Шлюб адбыўся 5 жніўня 1766 года ў Ябланове над Нёманам. Адбылося гэта ў згаданай капліцы, бо касцёла ў Ябланове не было.
    Пасля Ябланоўскага маёнткам валодалі Варанецкія, Солтаны, Эйсманты. А збудаваная першым гаспадаром капліца служыла католікам да 1863 года, калі была зачынена па загадзе расійскіх улад. Яе планавалі перарабіць у царкву, аднак план так і не быў рэалізаваны. Са святыні толькі выдалілі алтары і знялі жалезны крыж. Затым капліца пераходзіла шляхам куплі з рук у рукі, на працягу доўгага часу служыла складам сена, пакуль за некалькі гадоў да І Сусветнай вайны з-за маланкі не быў спалены дах і столь. Потым гродзенскі праваслаўны архірэй асігнаваў на яе адбудову 2 000 рублёў, дзякуючы чаму быў пабудаваны новы дах. Далейшы рамонт спыніла вайна. Калі завіруха вайны змяла навакольныя вёскі, многія сем’і жылі ў капліцы.
    Пасля І Сусветнай вайны капліцу ніхто ўжо не аднаўляў. Святыня, якая, паводле аднаго са сведкаў, “магла б быць упрыгожаннем галоўных вуліц Парыжа”, так ніколі і не была адноўлена.
    Сёння Ябланова – адно з самых маляўнічых месцаў Гродзеншчыны. Калі павярнуцца да руінаў капліцы спіною, то пабачыш старыцу Нёмана і пералескі за ёю. А са святыні быццам сярод цішыні даносяцца словы малітвы.