Лапеніца: разбураная святыня

Парафіі і святыні

lapienica1
     Адшукаць неадбудаваны храм на тэрыторыі Гродзеншчыны не так і проста, але і тут яны сустракаюцца.
     Бываюць сітуацыі, калі святыню проста няма каму і няма для каго аднаўляць. Падобна сітуацыя выглядае і з былым Вяліка-Лапеніцкім касцёлам, бо пасля 1945 года нават сама назва Вялікая Лапеніца перастала існаваць, паколькі аднайменны двор быў далучаны да вёскі Грынявічы.
     Вялікая, або, як раней казалі, Старая Лапеніца, вядома з канца XV стагоддзя. Гэта быў двор вялікага князя літоўскага, якім валодалі Клочкі, Андрушковічы, Пукшты, Алендскія і многія іншыя прадстаўнікі шляхты Вялікага княства Літоўскага. Ужо ў першай палове XVІІ стагоддзя ў Старой Лапеніцы была даволі вялікая капліца, аднак стварэнне там кляштара францысканцаў звязана з родам Агінскіх.
     
Знешні выгляд страчанага касцёла ў Вялікай Лапеніцы
Знешні выгляд страчанага касцёла ў Вялікай Лапеніцы

     У ліпені 1679 года Ян і Іаана Агінскія пасялілі ў Лапеніцы 12 айцоў францысканцаў, даўшы ім фальварак Целякі і карчму ў Поразаве. За гэта францысканцы абавязваліся збудаваць мураваны кляштар і заснаваць парафію. Але гісторыя будоўлі расцягнулася на цэлае стагоддзе. У 1745 годзе быў збудаваны толькі падмурак вялікага касцёла, а Булгарыны, якія валодалі Лапеніцай пасля Агінскіх, не мелі фінансавай магчымасці такі касцёл збудаваць хутка, хаця фундуш на яго ўзвядзенне быў закладзены яшчэ Агінскімі. Асвяцілі касцёл кляштара францысканцаў у 1785 годзе пад тытулам Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, а парафія пры ім была закладзена толькі ў 1799 годзе.
     Касцёл быў збудаваны ў выглядзе трохнефнай базілікі. На фасадзе знаходзіліся шэсць разбяных вазонаў і крыж. Дах касцёла быў пакрыты гонтам, толькі пярэдняя яго частка была бляшанай. У касцёле знаходзілася пяць алтароў з намаляванымі на дошках і дрэве абразамі. У першыя дзесяцігоддзі ХІХ стагоддзя кляштар актыўна разбудоўвалі, тут паўсталі мураваны будынак кляштара, багадзельня, мноства драўляных гаспадарчых пабудоў.
     Нягледзячы на высілкі тагачаснага ўладальніка Вялікай Лапеніцы і патрона святыні Яна Булгарына, у 1832 годзе касцёл быў зачынены. Убранства і абразы перадалі ў касцёл у Поразаве. Будынак прастаяў пустым амаль 40 гадоў. У 1870 годзе яго пачалі перарабляць пад праваслаўную царкву, змяніўшы знешні выгляд касцёла шляхам дабудовы пяці купалоў. Царква ў Вялікай Лапеніцы атрымалася па-сутнасці самым вялікім праваслаўным храмам у ваколіцы, прыход налічваў каля 2000 чалавек.
     У 1915 годзе праваслаўныя святары, а таксама вялікая частка прыхаджан напярэдадні прыходу нямецкіх войскаў уцяклі ў Расію. Самы вялікі звон, падараваны яшчэ царом Аляксандрам II, падчас спробы яго дэмантажу адарваўся і разбіўся на шматлікія кавалкі. Пачынаючы з 1919 года, храм ізноў служыў католікам, аднак спыніць працэсы разбурэння святыні і капітальна яе адрамантаваць не паспелі ажно да 1939 года. Дарэчы ў 1919 годзе ў касцёле некаторы час служылі беларускія патрыёты ксяндзы Язэп Германовіч і Казімір Стаповіч, якім дасталася нялёгкая доля аднаўляць храм пасля некалькіх гадоў запусцення.
     У савецкі час касцёл выкарыстоўваўся як клуб для паказу прапагандысцкіх кінастужак і выстаў, аднак у 1982 годзе яго канчаткова вырашылі перарабіць пад склад. Амаль да сярэдзіны былі разабраны сцены храма, выбілі ўваход, каб туды маглі заязджаць грузавікі і трактары, знішчыўшы пры гэтым цудоўны барочны партал. Будынак хаця і шмат страціў у сваім знешнім выглядзе, аднак і сёння, пусты і часткова зруйнаваны, застаецца велічным сведчаннем адданасці Божай справе тых людзей, якія будавалі святыню і служылі ў ёй.