Касцёлік вясковы, прыгожы, як шэдэўр…

Гісторыя - Парафіі і святыні

Парафіяльны касцёл у Лунне

Няма ў бліжэйшых ваколіцах Гродна мястэчка больш захаванага, чым наднёманскае Лунна. Дзесяткі цагляных “пажыдоўскіх” камяніц, праваслаўная царква ды сімпатычны касцёл быццам паглыбляюць у атмасферу пачатку ХХ стагоддзя, калі на гэтай зямлі мірна суіснавалі іудзеі ды прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій. Пашанцавала Лунну і на знакамітых асоб. Не адзін раз наведвала мястэчка каралева Бона Сфорца, малілася ў мясцовым касцёле знакамітая пісьменніца Эліза Ажэшка, рупліва збірае гісторыю Лунна сучасны яго летапісец Лявон Карповіч…
Паводле Карповіча, першы касцёл у Лунне паўстаў у 1530-ых гадах. Яго зафундавала каралева Бона Сфорца як філіял парафіі ў недалёкай Воўпе. Да цяперашняга часу каля касцёльнай агароджы ляжыць вялікі камень з чырвонага граніту, які нібыта Бона заклала ў фундамент таго касцёла. Каралева так упадабала гэтыя мясціны, што ў 1546 годзе стварыла ў Лунне асобную парафію, забяспечыўшы яе трыма валокамі зямлі, што складала больш за 60 га ворнай зямлі і дазваляла мясцоваму пробашчу не клапаціцца пра хлеб штодзённы, а займацца духоўнымі патрэбамі сваіх парафіян. Па звестках канца другой паловы XVII cтагоддзя, касцёл у Лунне быў мураваны і адбудаваны пасля разбуральных войнаў сярэдзіны таго стагоддзя.
    У 1782 годзе пасля пажару ў Лунне з каралеўскай фундацыі паўстаў новы касцёл пад тытулам св. Ганны.
    Ён быў пабудаваны ў класіцыстычным стылі, але атрымаў сучасны выгляд пасля рамонту, праведзенага на сродкі княгіні Марыі Друцкай-Любецкай у 1890-ых гадах. Інтэр’ер касцёла ўпрыгожваюць 7 драўляных алтароў. Асаблівую ўвагу прыцягвае абраз Маці Божай з Дзіцяткам у пазалочанай сукенцы. Ён, верагодней за ўсё, паходзіць з ранейшага касцёла, аб якім нічога не вядома. А вось грошы на алтар з гэтым абразом выдзеліла Эліза Ажэшка.
    У святыні захавалася і ложа пісьменніцы, бо менавіта тут яна ўдзельнічала ў св. Імшы, калі жыла ў недалёкіх Мінявічах і ў нядзелю прыязджала ў Лунна.
    Менавіта Эліза Ажэшка, пішучы пра блакітны Нёман і белыя акацыі ў мінявіцкім двары, згадала і “касцёлік вясковы, прыгожы, як шэдэўр эпохі рэнесансу”. “Ёсць блізка касцёлік невялікі, ладна збудаваны і густоўна ўбраны, каторы кожную раніцу, поўдзень і вечар найцудоўней звоніць на Анёла Панскага. Не магу перадаць, якое дзіўнае ўражанне спраўляе на мяне адгалос гэтага звону. Штосьці нібы заклік да вышыні, нібы музычныя гукі, што рассыпаюцца ў паветры. Упершыню прыйшла мне таксама думка, які прыгожы і глыбокі касцёльны звычай узгадваць тых, хто адышоў”, – такім чынам у 1902 годзе апісала знакамітая пісьменніца кацёл святой Ганны ў Лунне.
    У святыні знаходзіцца некалькі памятных табліц, прысвечаных фундатарцы перабудовы касцёла Марыі з Шэметаў Друцкай-Любецкай (1833–1897) і Матэвушу Ромеру (1848–1900), прадстаўнікам рода Чахоўскіх. Каля касцёла захавался некалькі помнікаў, сярод якіх адзін з імёнамі Іосіфа і Разаліі Каменскіх. Гэта сваякі Элізы Ажэшкі па лініі бабулі, а таксама бацькі паўстанца 1863 года Яна Каменскага, правобраза Андрэя Карчынскага, аднаго з герояў аповесці Элізы Ажэшкі “Над Нёманам”.
    Касцёл у Лунне – выдатнае месца для ціхай малітвы за Айчыну, а таксама за пакаленні тых, хто адышоў да Пана Бога, зрабіўшы на зямлі ўсё, што павінен быў зрабіць.