Пералом. Сам-насам з Богам

Парафіі і святыні

Будынак кляштара айцоў капуцынаў побач з касцёлам у ПераломеСёння ў Пераломе, вёсцы на маляўнічых наднёманскіх пагорках, афіцыйна пражывае каля дзесяці чалавек. А яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя насельніцтва вёскі складала не менш за 130 асоб. Цяпер вёска збольшага “заселена” дачнікамі, а пра яе мінулае нагадваюць каталіцкія могілкі і невялікая драўляная капліца – філія парафіі ў Гожы, дзе час ад часу адбываюцца службы.
Мясцовасць з назвай Пералом (або Перла, або Перлам) вядома з XІV стагоддзя. Недзе тут існавала ўмацаванае паселішча ці нават замак, пабудаваны для аховы ад крыжакаў, якія шукалі зручныя месцы, каб пераправіцца праз Нёман і ісці на Гродна ці Вільню. Пазней, у канцы XV – першай палове XVI стагоддзяў, існаваў Гожска-Пераломскі павет і аднайменнае староства Троцкага ваяводства. Гожскім і пераломскім намеснікам некаторы час быў знакаміты баярын Іван Глінскі, які пасля ўзбунтаваўся супраць вялікага князя і ўцёк у Маскву.
    У 1742 годзе троцкім кашталянам Аляксандрам Пацеем тут была ўзведзена капліца, асвечаная пад тытулам Нараджэння Маці Божай і св. Юрыя і далучаная да парафіі Гожа. Драўляная святыня была ашалявана, крыта гонтам, на хорах стаяў малы арган на 5 галасоў.
    З таго часу святыня неаднаразова перабудоўвалася, а пасля паўстання 1863 года яе зачынілі. Адбудаваная ў 1911 годзе, капліца згарэла праз 4 гады падчас баёў І Сусветнай вайны. На яе месцы ў 1921 годзе на сродкі пана Міхала Гарацкевіча быў узведзены новы драўляны храм пад гістарычным тытулам.
    Незадоўга да пачатку ІІ Сусветнай вайны ў Пераломе з’явіліся айцы капуцыны. Як расказвалі мясцовыя жыхары, на прыгожую мясцовасць звярнуў увагу бр. Якуб з Ломжы, які праплываў міма на параходзе. Ён быццам адпачываў у Друскеніках і ўбачыў касцёл, таму вырашыў сюды завітаць. Жыхары Пералома спачатку прынялі барадатага капуцына за артадаксальнага яўрэя. Бр. Якуб агледзеў плябанію і касцёл, які быў філіяй Гожскай парафіі, і ўжо ў чэрвені 1938 года айцы Вацлаў, Яцэк, Клеменс, браты капуцыны Якуб, Крыспін, Караль і арганіст Эрнст (быў этнічным немцам) пераехалі ў Пералом назаўсёды. Бр. Якуб пасяліўся ў пабудаваным ім невялікім доміку, а рэшта – у прыведзенай да ладу плябаніі.
    Пералом стаў першай пляцоўкай капуцынаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Літаральна напярэдадні вайны побач з касцёлам з’явіўся трохпавяховы кляштар. Пачас вайны манахі змушаны былі пакінуць пляцоўку. Там засталіся толькі браты Крыспін і Караль.
    У пасляваенны час касцёл быў зачынены, а ў сярэдзіне 1950-ых гадоў братоў капуцынаў пазбавілі права называцца кляштарам. Плябанію разабралі і перавезлі ў Пальніцу, зрабіўшы з яе школу для дзяцей з Пальніцы і Лукавіцы. Праз некалькі гадоў гэтую школу перанеслі ў вёску Багушоўка. Хутка разабралі і кляштар, перавезшы яго ў Сонічы. На працягу некалькіх дзесцігоддзяў там размяшчалася школа, а цяпер знаходзіцца мясцовая філія арганізацыі меліярацыйна-воднай гаспадаркі.
    6 студзеня 1970 года быў разбураны і пераломскі касцёл. Бярвенне са святыні звезлі ў Грандзічы, каб збудаваць там дзіцячы садок, але ў выніку яно проста згніло. Ад былой пустэльні капуцыйнаў застаўся толькі домік бр. Якуба, дзе амаль да сярэдзіны 1980-ых гадоў жылі браты Крыспін і Караль.
    На хвалі перабудовы і рэлігійнага адраджэння канца 1980-ых гадоў мясцовыя жахары пачалі дамагацца аднаўлення святыні. Вельмі паспрыяў працэсу а. Станіслаў Гаўлік, пробашч у Прывалцы. У жніўні 1990 года былі закладзены падмуркі пад новы храм, а ў 1995 годзе капліца пад падвойным гістарычным тытулам Найсвяцейшага Імя Марыі і св. Юрыя была асвечана. На сходках былой святыні (адзінае, что ад яе засталося) усталявалі помнік з крыжам і надпісам па-польску: “Тут стаяў касцёл і кляштар айцоў капуцынаў”.
    Сёння капліца ў Пераломе і дом-пустэльня бр. Якуба – гэта Божае месца, куды прыязжаюць адпачыць і пабыць разам з Богам сам-насам айцы капуцыны, якія служаць па ўсёй Беларусі.