Сапоцкін

Парафіі і святыні

Асобнай рымска-каталіцкай парафіі ў Сапоцкіне не было вельмі доўга.Датай заснавання мястэчка прынята лічыць 10 ліпеня 1519 года, калі кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст даў баярыну Сапотку Стэцковічу прывілей на валоданне зямлёй Раманаўшчына ў Гродзенскім павеце. А ў дакументах 1550–1560-ых гадоў ужо згадваецца дарога “з Городна до местечка Сопоткин”.
    У тыя часы большасць насельніцтва Сапоцкіна складалі праваслаўныя, пасля ўніяты, хаця і рымскія католікі сярод жыхароў былі вельмі заўважныя. Асобнай рымска-каталіцкай парафіі ў Сапоцкіне не было вельмі доўга, мястэчка і ваколіцы складалі заходнюю частку парафіі ў Гожы. Але парафіяльны касцёл быў вельмі далёка, ды яшчэ і за Нёманам, таму ў сярэдзіне XVIII стагоддзя ў Сапоцкіне існавала алтарыя, магчыма, з невялікай філіяльнай капліцай, аднак ніякіх звестак пра яе месцазнаходжанне няма.
Як вынікае з інвентара Сапоцкіна 1704 года, адзінай хрысціянскай культавай пабудовай у мястэчку была ўніяцкая царква. Узнікненне першай рымска-каталіцкай парафіі звязана з дзейнасцю мясцовых землеўладальнікаў Антонія і Тэафіліі Валовічаў.
    Спачатку недалёка ад Сапоцкіна ў мясцовасці Ясудава яны стварылі новае мястэчка – Тэалін, названае ў гонар Тэафіліі Валовіч. 6 сакавіка 1789 года землеўладальнікі ўфундавалі ў Тэаліне рымска-каталіцкі касцёл. Дэкрэт аб стварэнні новай парафіі выдаў віленскі арцыбіскуп Ігнацый Масальскі. Рыма-католікі Сапоцкіна павінны былі наведваць касцёл у новым мястэчку – Тэаліне, а грэка-католікі хадзіць у сапоцкінскую ўніяцкую царкву. Аднак Тэаліну як асобнаму мястэчку не пашанцавала.
    З падзеламі Рэчы Паспалітай і ўваходам Сапоцкінскага краю спачатку ў склад Прусіі, а пасля Герцагства Варшаўскага, а таксама з вызваленнем сялян ад прыгону эпоха прыватнаўласніцкіх мястэчак скончылася. Тэалін хутка стаў прадмесцем Сапоцкіна, а назва “Тэалінскі” засталася толькі ў назве парафіі і адной з вуліц мястэчка.
    Да цяперашняга дня не да канца высветлена пытанне аб даце пабудовы касцёла. Вядома, што ў сярэдзіне XIX стагоддзя ён ужо існаваў. Калі сыходзіць з архітэктурных асаблівасцей, святыня была пабудавана ўжо, хутчэй за ўсё, у самым пачатку 1800-ых гадоў.
    У XIX стагоддзі парафія ў Тэаліне была дастаткова вялікай і ўключала мястэчка Сапоцкін, 18 двароў і фальваркаў, а таксама 58 вёсак. У 1875 годзе царскія ўлады прымусам перавялі мясцовае ўніяцкае насельніцтва ў праваслаўе, а праз два гады і рымска-каталіцкая парафія ў Тэаліне была закрыта па прычыне “шкоднага ўплыву на новадалучаных да праваслаўя былых уніятаў”.
    Фота А. Вашкевіч. Хрышчоная гара – месца каля Сапоцкіна, дзе патаемна маліліся былыя ўніяты і рыма-католікі ў канцы ХІХ ст., калі ў Сапоцкіне не было ніводнай каталіцкай святыні З 1877 па 1885 год святыня была філіяй парафіяльнага касцёла ў Селіванаўцах, пасля чаго расійскія ўлады закрылі яе канчаткова, а ў 1890 годзе перадалі маёмасць касцёла праваслаўнаму ведамству.
    Рашэннем Сінода ад верасня 1893 года, з місіянерскай мэтай прывядзення былых уніятаў на лона Праваслаўнай Царквы, у Тэаліне каля Сапоцкіна быў утвораны праваслаўны Тэалінскі СвятаПрэабражэнскі манастыр. Яго ўладкаваннем занялася ігумення Ляснянскага манастыра Сядлецкай губерніі Людміла. Касцёл быў моцна перароблены ў праваслаўным стылі (узведзены іканастас, хоры, іншы выгляд набыла званіца). З’явілася некалькі новых будынкаў. У кастрычніку 1894 года манастыр быў асвечаны архіепіскапам Холмска-Варшаўскім Флавіянам.
    У 1908 годзе ў манастыры было два храмы: Праабражэння Гасподняга (былы рымскакаталіцкі касцёл у Тэаліне) і трапезны ў гонар Пакрова Багародзіцы, пабудаваны ў 1898 годзе. Цікавасць да жыцця манастыра праяўлялі і вядомыя ў Расійскай Імперыі асобы.
    У верасні 1900 года яго наведаў протаіерэй Іаан Сергіеў, які ўвайшоў у гісторыю як св. Іаан Кранштацкі. Манастыр фактычна жыў за кошт ахвяраванняў айца Іаана, які ў папярэднія гады існавання ахвяраваў на яго 50 тысяч рублёў. Манахіні купілі за гэтыя грошы фальварак Юзафатава, працавалі на ім і кармілі дзяўчынак з прытулку.
    Пасля царскага ўказа аб рэлігійнай талерантнасці рымска-каталіцкая парафія ў Таэліне была адноўлена, аднак у былым будынку касцёла усё яшчэ знаходзіўся праваслаўны манастыр. Таму мясцовы землеўласнік Пётр Гурскі дабіўся дазволу ад сувалкаўскага губернатара на пабудову драўлянай святыні і выдзяліў будаўнічы матэрыял. Ужо ў 1907 годзе паўстаў касцёл св. Язафата.
    Амаль адразу пасля распачацця І Сусветнай вайны, у пачатку 1914 года, жаночы манастыр выселіўся з Тэаліна ў Гродна.
    У жніўні 1916 года вызваленаму храму быў вернуты статус касцёла, а драўляны будынак разабралі і перадалі католікам у вёску Паўлаўка, якая цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы. У савецкія часы парафіяне цягам некалькіх дзесяцігоддзяў самастойна баранілі касцёл і сваю веру. На працягу апошніх гадоў Тэалінская рымска-каталіцкая парафія афіцыйна пачала называцца парафіяй у Сапоцкіне.