Перстунь і Галынка

Парафіі і святыні

Адлегласць паміж касцёламі – 4 кіламетры, таму на святы тут званы гучаць удвая грамчэй.
Ад касцёла ў Перстуні да касцёла ў Галынцы ўсяго 4 кіламетры. І гук званоў адной святыні добра чуваць каля другой. Як так сталася, што побач у не асабліва заселенай мясцовасці з’явіліся ажно 2 касцёлы? Сёння пазнаёмімся з гісторыяй гэтых парафій.
Да XVIII стагоддзя Галынка насіла назву Ліпск (пасля Ліпск-Галынка, каб адрозніць ад Ліпска над Бебжай, які цяпер знаходзіцца ў Польшчы). Карані заснавання мясцовасці сягаюць у 1506 год, калі Фёдар Храбтовіч атрымаў ад вялікага князя Аляксандра кавалак лесу, дзе крыху пазней узнік двор Ліпск. У 1585 годзе Іван Храбтовіч пісаў, што яго бабка Людміла, “улюбіўшы сабе веру старажытную праваслаўную, грэцкую, у якой нарадзілася, і хочучы сабе і нашчадкам пакінуці векуістую памяць, у маёнтку свайго мужа пана Юрыя Храбтовіча, Ліпску, пабудавала царкву”. Адбылося гэта недзе перад 1572 годам.
    З пачатку XVII стагоддзя храм быў грэка-каталіцкім. Паводле візітацыі 1804 года, святыня характарызавалася як вельмі старая, “з дзіравым дахам і пабітымі вокнамі”. У ёй размяшчаліся 3 алтары, таксама вельмі панішчаныя. Могілкі знаходзіліся асобна ад храма і былі абнесены каменным мурам. Царкоўныя кнігі належалі заходняй традыцыі – віленскі Імшал і польскамоўнае невялікае Евангелле.
    У 1870-ых гадах, пасля пераводу мясцовага насельніцтва ў праваслаўе, непадалёк драўлянага былога ўніяцкага храма пачалося будаўніцтва цаглянай царквы св. Міхала, якое было скончана ў 1891 годзе. Калі праваслаўнае насельніцтва пасля 1905 года амаль пагалоўна прыняло каталіцызм, Міхайлаўская царква аказалася без веруючых. У 1919 годзе там пачаў служыць Імшу каталіцкі святар, а ў 1922 годзе ў Галынцы была заснавана рымска-каталіцкая парафія. Будынак былой царквы трансфармаваўся ў рымска-каталіцкі касцёл Узвышэння Святога Крыжа.
    ВКасцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі  ў Перстуніёска Перстунь першапачаткова існавала як вялікакняжацкі двор. Пры гэтым значэнне Перстуні было вельмі вялікім, паколькі тут размяшчалася адміністрацыя Перстунскай пушчы. Пісцовая кніга Гродзенскай эканоміі 1558 года ўказвае на пераважна ўсходнеславянскае паходжанне імён мясцовых жыхароў і, адпаведна, іх праваслаўнае веравызнанне. Гэта такія імёны як Ходар, Сямён, Цярэшка, Курыла, Апанас, Іван, Гарасім, Макар, Мікіта, Гардзей, Сцяпан, Клім. Аднак сустракаюцца таксама і імёны, якія маглі насіць католікі: Шыман, Мацей, Шчэпан, Міклаш.
    З пачатку XVII стагоддзя мясцовае насельніцтва адносілася да грэка-каталіцкай парафіі ў Галынцы. Аднак каля 1780 года тагачасны гродзенскі стараста Антоній Тызенгаўз, які канфліктаваў з уладальнікам Галынкі Францішкам Юндзілам, вырашыў адлучыць ад парафіі ў Галынцы вёскі, якія належалі Гродзенскай эканоміі, і стварыць з іх уласны прыход. Такім чынам у Перстуні паўстала капліца (аднак паколькі стварэнне новай парафіі не было зацверджана ўладамі, пачаўся досыць доўгі працэс, які скончыўся толькі ў 1803 годзе, калі ўжо новыя прускія ўлады вырашылі пакінуць парафіі ў Перстуні і Галынцы асобнымі).
    У 1804 годзе ў Перстуні існавала маленькая ўніяцкая царква ў гонар Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі, крытая дранкай, з трыма вежамі на даху (на цэнтральным знаходзіўся “патройны” крыж). Унутры храма размяшчаліся 3 алтары ў гонар Звеставання Маці Божай, Пана Езуса Укрыжаванага і Маці Божай Чанстахоўскай. З царкоўных кніг было толькі 2 надрукаваных у Супраслі Служэбніка і стары Трэбнік. Могілкі знаходзіліся асобна ад святыні. Царква не мела сваёй зямлі, а святар Тэадор Арцымовіч жыў са сродкаў, прызначаных на парафію Антоніем Тызенгаўзам.
    У 1823 годзе святыня згарэла, і на яе месцы ў 1844–1845 гадах была пабудавана новая мураваная ўніяцкая царква ў гонар Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі. Сродкі на будаўніцтва выдзеліў штаб-ротмістр Аляксандр Свечын, які ў той час распараджаўся землямі маёнтка Лабна. Гэтая святыня стаіць да сённяшняга дня. Яна з’яўляецца цікавым прыкладам мураванага культавага будынка, узведзенага канкрэтна як грэка-каталіцкая царква. Адметнасцю з’яўляецца двух’ярусная цыліндрычная званіца з шатровым завяршэннем, якая размешана наперадзе ў плане прамавугольнага аб’ёму і квадратнай апсіды з бакавымі закрыстыямі.
    У 1875–1908 гадах парафія ў Перстуні была праваслаўнай. Яе ліквідавалі па прычыне пераходу ўсяго насельніцтва ў каталіцызм. З ліпеня 1919 года, пасля стварэння рымска-каталіцкай парафіі, у мястэчку дзейнічае касцёл.