Ліда-Маладзёжны

Парафіі і святыні

Касцёл Божай Міласэрнасці
Дэканат Ліда
Парафія заснавана ў 1994 г. У маі гэтага ж года вернікі ўсталявалі на ўездзе ў мікрараён Маладзёжны крыж і хутка збудавалі часовую капліцу, якая была асвечана 4 снежня. У чэрвені 1995 г. пачалі капаць катлаван пад фундамент будучай святыні ў стылі пост-мадэрнісцкіх трактовак неабарока. Касцёл пад тытулам Божай Міласэрнасці быў узведзены паводле праекта архітэктара Арманда Скаўроньскага і інжынера Гераніма Паўлоўскага з Зялёнай Гуры (Польшча).
 
  Касцёл уяўляе сабой асіметрычную трохнефную базіліку з трансептам (утвораны рознымі ў архітэктурным плане капліцамі), прамавугольнай апсідай з сегментарнай алтарнай сцяной, фланкаванай дзвюма сакрыстыямі. Правы вугал галоўнага фасада святыні адзначаны асіметрычнай велічнай трох’яруснай вежай-званіцай.

  Інтэр’ер касцёла падзелены трыма парамі калон на тры нефы і завершаны бетоннымі перакрыццямі (плоскімі над цэнтральным нефам і схільнымі над бакавымі) на такіх жа бэльках. Святыню ўпрыгожваюць пяць алтароў (яшчэ будуюцца). Галоўны алтар – тытульны, Божай Міласэрнасці (двух’ярусная неабарокавая кампазіцыя са штучнага мармуру на аснове спараных калон карынфскага ордэра), левы бакавы – св. Яна Хрысціцеля, правы – Укрыжавання; яшчэ два алтары змешчаны ў капліцах крылаў трансепта: злева – Маці Божай Вострабрамскай, справа – св. Юзафа. Над уваходам знаходзіцца паўкруглы балкон арганных хораў на дзвюх калонах.
 
  Касцёльны ўчастак абнесены металічнай агароджай на цагляных атынкаваных слупках з трохпралётнай неа-барокавай уваходнай брамай. У касцёльны комплекс уваходзіць і дзвюхпавярховая каменная плябанія з каплічкай Маці Божай перад ёй. Касцёл збудаваў кс. Станіслаў Пацына разам са сваімі парафіянамі.
 
  15 красавіка 2007 г., у нядзелю Божай Міласэрнасці, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў касцёл.