Белагруда

Парафіі і святыні

Дэканат Ліда
Касцёл пад тытулам св. Міхала Арханёла быў заснаваны тут у 1609 г. па фундацыі віцебскага вая-воды Яна Завішы пасля яго навяртання з кальвінізму. Драўляную святыню пабудавалі на маляўнічым пагорку на левым беразе ракі Дзітвы. З часам вакол касцёла ўтварыліся могілкі. Апошні драўляны касцёл быў пабудаваны ў 1703 г. у стылі барока на сродкі шляхціча Шэмета, дзедзіца Дзітвы. Уваход на касцёльны ўчастак, абнесены бутавай агароджай, пазначала трохпралётная каменная брама, над якой узвышалася драўляная двух’ярусная чацверыковая вежа-званіца.
 
  Драўляныя храмы змянялі адзін аднаго да 1902 г., калі вернікі на чале са сваім пробашчам кс. Казімірам Сталеўскім вырашылі пабудаваць на свае сродкі каменны касцёл. Будаўніцтва пачалося ў наступным 1903 г. і скончылася ў 1907 г. У 1908 г. касцёл быў асвечаны пад гістарычным тытулам св. Міхала Арханёла. Новая святыня ў эклектычным стылі, дзе рысы неараманікі спалучаюцца з рысамі неаготыкі і мадэрну, узнесла стромкія вежы над маляўнічым наваколлем. Касцёл пабудаваны з жоўтай вонкавай цэглы. Гэта дзвюхвежавая трохнававая базіліка з трансептам і пяціграннай апсідай, да якой прымыкае складаная сістэма аб’ёмаў сакрыстый. Галоўны фасад пад трохвугольным франтонам фланкаваны чатырох’яруснымі тэлескапічнымі вежамі-званіцамі, увенчанымі гранёнымі спічакамі з люкарнамі. Крылы трансепта і апсіда паніжаны да ўзроўню бакавых наў, усе аб’ёмы накрыты двухcхільнымі (над апсідай і сакрыстыямі з вальмамі) бляшанымі дахамі. Над алтарным франтонам узведзена стромкая сігнатурка.
Інтэр’ер, падзелены трыма парамі калон на тры навы і перакрыты сістэмай крыжастых скляпенняў на падпружных арках, упрыгожваюць пяць алтароў. Галоўны алтар двух’ярусны, вырашаны накшталт курданёра ў неараманскім стылі. Першы ярус трыфорыумны: у цэнтры знаходзіцца абраз Маці Божай Міласэрнасці (вядомы з канца XVIII ст., лічыцца цудадзейным), упрыгожаны шматлікімі вотамі, у нішах размешчаны фігуры св. Мікалая (злева) і св. Казіміра (справа). Над першым ярусам усталяваны чатыры фігуры анёлаў і чатырохкалонны партал вакол надалтарнага акна-люкарны. Іншыя алтары па сваёй архітэктурнай стылістыцы падобныя на галоўны. Левы бакавы алтар прысвечаны Божай міласэрнасці, правы – св. Міхалу Арханёлу (абраз мае рысы мадэрну). У капліцах, зробленых у крылах трансепта, змешчаны яшчэ два алтары: злева – св. Юзафа, справа – Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. Унутраная прастора касцёла (асабліва скляпенні) размалявана раслінным арнаментам у стылі мадэрн. Над нартэксам на дзве калоны абапіраюцца арганныя хоры, якія асвятляе акно-ружа на галоўным фасадзе.
 
  За касцёлам, сярод могілак, захавалася драўляная двух’ярусная брама-званіца ад комплексу папярэдняга драўлянага храма. Яна ўяўляе сабой двух’яруснае (меншы чацвярык на большым) збудаванне пад чатырохсхільным чарапічным дахам. Могілкі абнесены мураванай агароджай, касцёл – металічнай на цагляных слупках.
 
  З канца XIX ст. да белагрудскай парафіі далучалася могілкавая капліца тут жа ў Белагрудзе. У ёй у 1933 г. быў знойдзены цікавы клад касцёльных медальёнаў-памятак, які цяпер захоўваецца капуцынамі ў Ліпнішках. Пры касцёле дзейнічала парафіяльная школа, якой да 1832 г. апекаваліся лідскія піяры. У часы польскай улады да парафіі далучыліся капліцы ў Кургане і Мохавічах. У тыя гады колькасць парафіян перавышала 3600 асоб.
 
  Раней да парафіі належалі капліцы ў Вялікім Ольжаве, Дайнове, Данеўшчыне, Дзітве Шэметаўскай, Мядзеўшчыне.
 
  Дзейнічаў у парафіі і шпіталь, фундаваны князёўнай Радзівіл, падкаморыяй літоўскай. Касцёл св. Міхала дзейнічаў увесь час, нават калі тагачасны пробашч кс. Стэфан Гародка быў арыштаваны і зняволены, парафіяне прыходзілі ў свой касцёл, маліліся, спявалі Гадзінкі, адпраўлялі Нешпары і маёвыя набажэнствы. З пачатку 1960-х гг. пробашчам тут быў а. Казімір Шаняўскі. У 1970-я гг. касцёл у Белагрудзе быў залічаны да помнікаў архітэктуры.