Іўе

Парафіі і святыні


Дэканат Іўе
Як сведчаць гістарычныя дакументы, касцёл пад тытулам святых апосталаў Пятра і Паўла быў заснаваны каля 1495 г. троцкім ваяводам і маршалкам ВКЛ Пятром Яновічам. Аднак з-за раптоўнай смерці ён не паспеў дакументальна аформіць будаўніцтва, што было зроблена ўжо ў 1499 г. ягоным сынам Янам Пятровічам. Пры касцёле ў драўляным будынку ўжо ў той час жылі 4 манахі францішканцы, але, верагодна, яны не мелі статусу кляштара, а толькі місіі. Пабудавалі святыню ў цэнтры паселішча, на ўзвышэнні (звесткі, што гэта старажытнае замчышча, не пацвердзіліся).
    У тыя часы Петрапаўлаўскі касцёл (хоць ёсць звесткі, што канчаткова ён не быў дабудаваны) уяўляў сабою велічны (у параўнанні з касцёламі ў Ішкалдзі і Усялюбе) храм у гатычным стылі, арыентаваны алтаром на ўсход. Прамавугольны ў плане аб’ём святыні з пяціграннай апсідай, сцены якой былі зроблены ў тэхніцы гатычнай муроўкі, па перыметры быў умацаваны контрфорсамі. Інтэр’ер асвятлялі гатычныя спічастыя вокны. Сакрыстыя была адна і далучалася да паўночнага фасада. У першай палове XVІ ст. пры касцёле дзейнічала альтарыя.
Пасля сярэдзіны XVІ ст. касцёл быў перароб-лены пад арыянскі храм (потым пад кальвінскі збор), тады Іўе лічылася цэнтрам арыянства. Але ў 1606 г., дзякуючы намаганням Станіслава Кішкі, ваяводы віцебскага, святыня была вернута каталіцкаму Касцёлу. Касцёльная традыцыя ў 1930-я гг. лічыла за дату пабудовы святыні 1563 г., аднак, магчыма, гэта яшчэ адна дата вяртання святыні, паколькі да Кішкаў Іўе адышло ў 1558 г. У 1631 г. ваявода мсціслаўскі і віцебскі, падскарбій літоўскі, Мікалай Кішка, наступны ўласнік мястэчка і сын Станіслава Кішкі, звярнуўся да адміністратара Віленскай дыяцэзіі біскупа Фігура Хрыста Адкупіцеля, усталяваная побач з касцёлам Тышкевіча, каб заснаваць пры касцёле кляштар бернардынаў (спачатку планаваў размясціць дамініканцаў). Атрымаўшы дазвол, Кішка падпісаў 10 студзеня 1633 г. фундацыю і пачаў будаваць для манахаў двухпавярховы брацкі корпус. Касцёл быў кансэкраваны ў 1781 г. віленскім біскупам Тамашам Зяньковічам. На знакамітай карце Літоўскай правінцыі ордэна бернардынаў, выкананай гравёрам Гершкам Ляйбовічам у сярэдзіне XVІІІ ст., Петрапаўлаўскі касцёл паказаны як трохнававая базіліка, што, хутчэй за ўсё, недакладнасць. А вось барокавыя франтоны на тарцах кляштарнага корпуса, верагодна, былі на самой справе.
    Комплекс кляштара бернардынаў дабудоўваўся і рэканструяваўся і ў другой палове XVІІ ст., і ў XVІІІ ст. У выніку, на пачатку ХІХ ст. гатычнымі ў касцёле заставаліся толькі апсіда і пара контрфорсаў на паўднёвым фасадзе. У астатнім святыня цалкам адпавядала стылю барока – атынкаваныя фасады дэкараваны слаістымі пілястрамі, прарэзаныя арачнымі вокнамі. Над галоўным фасадам узнесліся дзве стромкія чацверыковыя трох’ярусныя тэлескапічныя вежы-званіцы пад фігурнымі барокавымі купаламі, фланкуючы крывалінейны барокавы франтон. Малітоўная зала святыні накрыта двухсхільным бляшаным дахам, паніжаны прэзбітэрый – вальмавым дахам пад стромкай сігнатуркай.
   
    Інтэр’ер святыні, па-дзелены чатырма магутнымі слаістымі слупамі на тры навы і перакрыты крыжастым скляпеннем на падвоеных падпружных арках, як і раней упрыгожваюць сем алтароў. Галоўны алтар у выглядзе трыфорыума, дзе вялізнае Укрыжаванне атачаюць фігуры святых Пятра і Паўла, падзяляе прэзбітэрый на алтарную частку і хор законны. Цэнтральная частка алтара над гзымсам завяршаецца барокавым франтонам з гарэльефнай выявай Сыходжання Святога Духа і хусткі св. Веранікі ў акружэнні двух анёлаў з залатымі крыламі. Левы бакавы алтар прысвечаны Маці Божай Анёльскай і св. Францішку, правы – Ахвяраванню Маці Божай. З паўночнага боку да касцёла далучаецца капліца Маці Божай Снежнай з аднайменным алтаром (раней абраз быў аточаны шматлікімі вотамі). Яшчэ тры алтары ўсталяваны пры сценах малітоўнай залы: злева – св. Антонія, справа – св. Францішка (магчыма, пэндзля вядомага мастака Чаховіча) і св. Ганны.
    З паўночнага боку да касцёла далучаўся, утвараючы ўнутраны двор-клаўструм, двухпавярховы кляштар калідорнай планіроўкі і складанай канфігурацыі. Кляштарныя карпусы былі накрыты вальмавымі дахамі. Пры кляштары дзейнічалі шпіталь і школа, мелася вялікая бібліятэка на 500 тамоў. Дзейнічаў таксама парафіяльны шпіталь, які фундаваў Лявон Кішка.
    Па дарозе на Суботнікі бернардыны пабудавалі ў XVІІІ ст. прыдарожную каплічку-слупок – трох’яруснае атынкаванае збудаванне з цэглы ў стылі барока, завершанае крыжам. На жаль, да нашых дзён каплічка не захавалася. Была ў той час і капліца ў сядзібным комплексе Агінскіх, тагачасных уладальнікаў Іўя. Капліца злучалася галерэяй з мураваным скарбцам, у алтары знаходзілася разьбяная пазалочаная фігура Маці Божай.
    У 1857 г. бернардынскі кляштар у Іўі быў зачынены, а манахі высланыя. Касцёл перайшоў у ранг проста парафіяльных, а ў кляштарных мурах было адчынена парафіяльнае вучылішча і зроблена плябанія.
    У ХІХ ст. да іўеўскай парафіі належалі філіяльны касцёл у Дудах, капліцы на мясцовых могілках і ў в. Ятоўтавічы (апошняя цяпер далучана да юрацішскай парафіі). Капліца на могілках пад тытулам св. Барбары была пабудавана на сродкі графіні Замойскай у першай палове ХІХ ст. у стылі класіцызм з бутавага каменю і цэглы, прамавугольная ў плане з паўцыркульнай алтарнай часткай, накрыта двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром. Галоўны фасад вырашаны ў выглядзе чатырохкалоннага порціка. Інтэр’ер перакрыты скляпеністай падшыўной дашчанай столлю. Хоры, што абапіраліся на два цагляныя слупы над уваходам, былі разабраныя падчас рэстаўрацыі 1970-х гг.
    За польскім часам да іўеўскай парафіі далучылася капліца ў в. Урцішкі, касцёл у Дудах стаў цэнтрам асобнай парафіі. Перад ІІ Сусветнай вайной колькасць вернікаў парафіі перавышала 10600 чалавек.
    Петрапаўлаўскі касцёл перажыў усе бурлівыя падзеі ХХ ст., дзейнічаў увесь час. Дзейнічае і сёння, залічаны да помнікаў архітэктуры рэспубліканскага значэння. Ад кляштарнага корпуса захаваліся толькі заходняя лінія і частка, далучаная да прэзбітэрыя касцёла. Некалькі гадоў таму тут яшчэ былі жылыя пакоі, але сёння будынак ужо цалкам вернуты парафіі.