Касцёл св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску-Цэнтральным

Парафіі і святыні

Дэканат Ваўкавыск
Гэтая частка горада паў­стала на аснове аднайменнай чыгуначнай станцыі, адчыненай у 1908 г. Мясцовая парафія выдзелілася з Ваўкавыскай у самастойную ў 1925 г. па ініцыятыве тагачаснага пробашча Фары і ваўкавыскага дзекана кс. Баляслава Сперскага. Першапачаткова вырашылі пабудаваць часовую святыню, вуглавы камень пад якую быў закладзены 25 ліпеня 1926 г. Паводле праекта архітэктара Брунона Збароўскага касцёл у стылі польскага мадэрну міжваеннага часу ўзвялі з драўляных тэлеграфічных слупоў, і 12 снежня новую святыню пад тытулам св. Станіслава Косткі кансэкраваў віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі. Разам з касцёлам быў агароджаны ўчастак і пабудавана плябанія. У 1935 г. пабудавалі і Дом каталіцкі (згарэў падчас Другой сусветнай вайны). Перад Другой сусветнай вайной колькасць парафіян дасягала 3500 чалавек, пробашчу дапамагалі сёстры тэрэзіянкі. На ўзвышшы на поўнач ад касцёла была ўзведзена мураваная плябанія.
Касцёл уяўляў сабою аднавежавую святыню, прамавугольную ў плане з пяціграннай апсідай, фланкаванай дзвюма сакрыстыямі. Галоўны фасад пазначаўся магутнай чацверыковай шатровай вежай-званіцай над крухтай, якая стварала першы з чатырох ярусаў вежы. Гонтавы дах над малітоўнай залай быў двухсхільным з вальмамі над тарцамі, над апсідай – паніжаным вальмавым і завершаным невялікай сігнатуркай. Інтэр’ер, падзелены на тры навы квадратнымі ў сячэнні слупамі, змяшчаў тры разьбяныя неабарокавыя алтары: галоўны з абразом “Здань св. Станіслава Косткі” пэндзля М. Брахоцкай, левы бакавы з абразом Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і правы – Маці Божай Вастрабрамскай. На хорах над уваходам быў усталяваны шасцігалосны арган фірмы Вацлава Бярнацкага. На вежы размяшчаўся звон “Святы Ануфрый” (кансэкраваны 12.12.1926), у сігнатурцы – “Святая Тэрэза”.
    Першым пробашчам стаў кс. Уладзіслаў Маляўскі, былы святар гарнізоннага касцёла св. Войцеха. У 1939–1945 гг. пробашчам касцёла быў кс. Юзаф Лаўрыновіч, які пасля Другой сусветнай вайны быў вымушаны выехаць у Польшчу. Яшчэ два гады святую Імшу тут адпраўляў пробашч Фары, але ўлетку 1947 г. касцёл быў зачынены і прыстасаваны пад сховішча спачатку ільну, потым – металічнага лому, а пазней перабудаваны пад жылы будынак. Таксама і будынак плябаніі быў перабудаваны пад пяцікватэрны жылы дом па вул. Новыя Боркі, 3. Але юрыдычна парафія яшчэ больш за 10 гадоў лічылася дзеючай, з рэгістрацыі яе знялі толькі ў 1959 г.
    У 1995 г. вернікам вярнулі адзін пакой, які яны пераабсталявалі пад часовую капліцу, дзе раз у нядзелю адбываліся набажэнтсвы. У 1998 г. будынак былой святыні вярнулі ўжо цалкам, а ў наступным годзе ў Ваўкавыску-Цэнтральным ізноў была зарэгістравана парафія. Парафіяне адразу ж вырашалі не рэстаўраваць стары, а пабудаваць новы, ужо каменны касцёл. Праект быў зацверджаны 19 верасня 2001 г. гродзенскім біскупам Аляксандрам Кашкевічам.
    Сёння вакол былога касцёла заканчваецца пабудова новага касцёла з сілікатных блокаў. Гэта трохнававая святыня ў стылі постмадэрн з асіметрычнай трох’яруснай чацверыковай шатровай вежай-званіцай і прыбудаваным да алтарнага фасада двухпавярховым аб’ёмам плябаніі і парафіяльнага цэнтра. З 2007 г. па сённяшні дзень пробашчам у Ваўкавыску-Цэнтральным з’яўляецца кс. Алег Дуль.
    У парафіі св. Станіслава Косткі 10–12 мая 2013 года прайшлі юбілейныя ХХ Дыяцэзіяльныя дні моладзі, а 22 па 29 чэрвеня бягучага года адбыліся парафіяльныя святыя місіі, якія праводзілі айцы-рэдэмптарысты: а. Андрэй Ядкоўскi CSsR i а. Валерый Мазюк CSsR.