Парафія Маці Божай Вастрабрамскай (Міласэрнасці) у Гродне (Аўгустовак)

Парафіі і святыні

Дэканат Гродна-Захад
Аўгустовак як гарадское прадмесце ўзнік у часы апошняга караля Рэчы Паспалітай – Станіслава Аўгуста Панятоўскага, калі літоўскі падскарбій Антоні Тызенгаўз пабудаваў на левым беразе Нёмана невялікі палац і назваў яго ў гонар караля «Аўгустовак». Сядзіба лічылася каралеўскай маёмасцю да 1797 г., калі расійскі імператар Павел I падараваў яе генералу графу Маўрыкію О'Браен дэ Лассі.
Гісторыя мясцовай парафіі распачалася ў 1818 г., калі генерал Маўрыкій дэ Лассі за свой кошт пабудаваў тут, у занёманскай частцы горада, ва ўласным маёнтку Аўгустовак (цяпер скрыжаванне вул. Л. Чайкінай і Рэпіна) мураваную капліцу ў класіцыстычным стылі. Яна была асвечана 29 чэрвеня 1818 г. як капліца святых апосталаў Пятра і Паўла. 20 снежня 1818 г. па распараджэнні магілёўскага арцыбіскупа Станіслава Сестранцэвіча пры капліцы была заснавана філія парафіі гродзенскіх францішканаў. Праз год Маўрыкій дэ Лассі перадаў святыню айцам францішканам, каб яны “адпраўлялі ў ёй св. Імшу ў кожную нядзелю і на свята святых патронаў Пятра і Паўла”. У крыпце капліцы знаходзіўся склеп роду дэ Лассі. У святыні нават адбываліся шлюбы, напрыклад 20 верасня 1903 г. – паміж Рычардам Ядкоўскім і Марыяй О'Браен дэ Лассі. Пры капліцы святых Пятра і Паўла ў палове ХIХ ст. дзейнічаў таксама шпіталь для 6 убогіх.
    Капліца ўяўляла сабой кубападобную ратонду пад паўсферычным купалам. Інтэр’ер меў круглы план. У галоўным алтары быў змешчаны абраз Маці Божай у пазалочанай раме, па баках знаходзіліся абразы св. Пятра (злева) і св. Паўла. Над уваходам былі зроблены хоры на 4-х слупах.
    Пры савецкай уладзе, у 1939 г., капліца была зачынена і разрабавана, доўгі час яна стаяла занядбаная. У сярэдзіне 1990-х гадоў гродзенскія айцы францішкане пачалі аднаўляць амаль зруйнаваную святыню. Пазней яны перадалі капліцу дыяцэзіяльнаму духавенству, якое і скончыла працу па аднаўленні. А паколькі побач з былой сядзібай існуе новы мікрараён, гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч уласным дэкрэтам заснаваў тут 10 студзеня 1998 г. новую парафію, якая аб’яднала каля 8000 вернікаў.
    У адноўленай капліцы пачалі адпраўляць св. Імшу, аднак у хуткім часе тут з’явіўся грыбок. Увосень 1997 г. у якасці часовай святыні для вернікаў, колькасць якіх значна ўзрасла, было рэканструявана былое сховішча будаўнічых матэрыялаў побач з капліцай. Але ўжо праз год гэты будынак стаў малы для парафіі. У 1998 г. ён быў пашыраны, дабудавалі драўляную залу. У хуткім часе парафія налічвала ўжо звыш 9000 вернікаў. Каб задаволіць патрэбы парафіі, была пабудавана новая часовая капліца, а стары будынак былога склада разабралі. У алтары гэтай новай капліцы знаходзіцца абраз Маці Божай Вастрабрамскай, намаляваны ў Вільні перад вайной і перададзены ў капліцу айцамі капуцынамі са Слоніма. У часовай капліцы да сённяшняга дня адпраўляецца Эўхарыстыя, а капліца святых Пятра і Паўла не выкарыстоўваецца.
    На пачатку ХХI ст. востра стала пытанне аб будаўніцве касцёла, аднак мясцовыя ўлады не давалі дазволу. Пасля пратэстацыйнай акцыі, якая доўжылася з 1 па 6 снежня 2006 г., быў атрыманы ліст аб дазволе на будаўніцва святыні. Сёння існуе праект касцёла і плябаніі. Будаўніцва ўжо распачалося, узнесены падмуркі новай святыні.
    У парафіі працуюць кс. Аляксандр Шэмет (пробашч), кс. Артур Малафей і кс. Дзяніс Шмыгін. Тут дзейнічаюць 18 ружанцовых колаў, кола Адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту (70 чалавек), Таварыства Маці Божай Балеснай, Апякункі добрай смерці (130 чалавек), “Сямейны Касцёл” (6 сужэнскіх пар), Ордэн Свецкіх св. Францішка, Апостальства дапамогі чысцовым душам (20 чалавек), Сёстры Служкі Беззаганнай НПМ ад бл. Айца Ганарата Козьмінскага.