Касцёл Унебаўзяцця НПМ у Капцёўцы

Парафіі і святыні

Дэканат Гродна-Захад
С вятыня ў Капцёўцы паўстала толькі ў ХХ стагоддзі. Да гэтага часу св. Імшы на пляцы ў Капцёўцы часам цэлебраваў ксёндз, які прыязджаў з Гродна.
    30 студзеня 1936 г. на сходзе жыхароў гміны Горніца было вырашана распачаць будаўніцтва касцёла ў Капцёўцы. 26 красавіка 1936 г. віленскі мітрапаліт кс. арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі асвяціў пляц пад будаўніцтва касцёла, а 5 ліпеня афіцыйна ўтварыў новую рымска-каталіцкую парафію ў Капцёўцы. Пробашчам быў прызначаны кс. Ян Храбоншч. У гэтым жа годзе былі заснаваны могілкі.
    Неўзабаве надышоў трагічны верасень 1939 г. Плябанія была ўжо гатова, стаялі касцёльныя муры, трэба было накрыць іх дахам. Працы былі спынены, бо на тэрыторыю Гродзеншчыны ўвайшла Чырвоная Армія. Ваенная завіруха не дазволіла кс. Храбоншчу вярнуцца ў Капцёўку. Новую плябанію забралі пад амбулаторыю.
    У 1939 – 1941 гг. прабоства ў Капцёўцы прыняў кс. Ізыдор Слычка. Вядома, што ён хаваўся і жыў у прыватных дамах. У 1941 г. пробашчам у Капцёўцы стаў кс. Вінцэнт Барсук. 22 жніўня 1945 г. кс. Барсук цэлебраваў апошнюю св. Імшу. У найбліжэйшы тыдзень яго арыштавалі і вывезлі з Капцёўкі. Падчас Другой сусветнай вайны касцёл дзейнічаў патаемна.
Хутка пасля заканчэння вайны ў касцёле зрабілі склад, а праз некалькі год яго замянілі на млын. Вернікі, пазбаўленыя ўласнай святыні, вымушаны былі прыязджаць на св. Імшу ў Гродна. Пахаванні адбываліся без ксяндза, толькі часам патаемна прывозілі а. Аркадзія, францішканіна з Гродна. Такая сітуацыя працягвалася амаль паўстагоддзя.
    Толькі напрыканцы 80-х гадоў Касцёл у Беларусі мог адрадзіцца. У 1988 г. быў створаны Камітэт па справах вяртання касцёла ў Капцёўцы. На чале яго стаў сп. Эдвард Дайновіч, жыхар Цвікліч. Улады гатовы былі даць дазвол на будаўніцтва касцёла ў іншым месцы, каб толькі не ліквідаваць млын. Але парафіяне не згаджаліся на гэта, і рашэнне адцягвалася. У 1991 г. касцёл быў вернуты законным гаспадарам у вельмі знішчаным стане. Патрэбна было велізарнай працы, каб ён мог выконваць сваю функцыю. Тады ўсе жыхары парафіі прыступілі да аднаўлення святыні.
    14 ліпеня 1991 г. парафію наведалі кс. кардынал Эдмунд Шока і кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч. Бацькі ксяндза кардынала, які нарадзіўся ў Амерыцы, былі родам з вёскі Путна, парафіі Капцёўка. Тады ў капцёўскай святыні была цэлебравана першая пасля вайны св. Імша. Св. Імшы цэлебравалі ў сакрыстыі, а затым – у прэзбітэрыі. З 1 кастрычніка 1992 г. у касцёле назаўсёды застаўся Найсвяцейшы Сакрамэнт.
    29 жніўня 1992 г. пробашчам стаў кс. Лешак Дамагала, які прыбыў з Келеччыны. 15 ліпеня 1995 г. кс. кардынал Эдмунд Шока і кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяцілі святыню і ўмуравалі вуглавы камень у муры прэзбітэрыя. Праз два гады, 15 сакавіка 1997 г., гродзенскі біскуп асвяціў звон, якому далі імя “Марыя”.
    Кожны парафіянін Капцёўкі стараўся якім-небудзь чынам садзейнічаць будове святыні. Велізарную дапамогу будаўніцтву аказала Кялецкая дыяцэзія. Адной з вельмі значных ахвяр быў арган з варшаўскай парафіі св. Барбары, асвечаны кс. біскупам Антоніем Дзям’янкам 14 лістапада 1999 г.
    Такім чынам праз 64 гады парафія Унебаўзяцця НПМ у Капцёўцы дачакалася свайго свята: асвячэння касцёла. 11 чэрвеня 2000 г. кялецкі біскуп Казімір Рычан кансэкраваў святыню. Разам з ім гэтую ўрачыстую св. Імшу адправілі кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, кс. біскуп Мар’ян Флёрчык, кс. біскуп Антоні Дзям’янка і шматлікія святары. У галоўны алтар былі ўмураваны рэліквіі мучанікаў св. Марсуэлы і св. Вікторыі.
    Парафіяне звярнуліся да айцоў паўлінаў на Яснай Гары з просьбай аб копіі абраза Маці Божай Яснагурскай. 25 сакавіка 2006 г. генерал ордэна паўлінаў на Яснай Гары а. Ізыдор Матушэўскі падчас Марыйнага звароту ахвяраваў касцёлу ў Капцёўцы копію яснагурскай іконы. Пры касцёле быў зроблены Узгорак надзеі: комплекс каплічак для пашырэння Марыйнага культу. 3 мая 2006 г., ва ўрачыстасць Маці Божай Каралевы Польшчы, абраз быў урачыста ўнесены на Узгорак надзеі ў Капцёўцы. 8 ліпеня 2007 г. кс. кардынал Эдмунд Казімір Шока і кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяцілі абраз Маці Божай Яснагурскай разам з каменнай плітой алтара.
    Паводле дэкрэта ардынарыя Гродзенскай дыяцэзіі кс. біскупа Аляксандра Кашкевіча, 23 сакавіка 2010 г. у парафіяльным касцёле ў Капцёўцы на Узгорку надзеі быў устаноўлены санктуарый Маці Божай Яснагурскай - Цярпліва Слухаючай. Штогод у санктуарый Маці Божай Яснагурскай у Капцёўцы прыходзяць пілігрымкі (на Дзень маці, Дзень бацькі, перад пачаткам новага навучальнага і катэхетычнага года). У мінулым годзе кусташам санктуарыя стаў кс. Міхал Ластоўскі.