З падзякай

Парафіі і святыні

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў ІндурыУ сувязі з мінулым святам св. Казіміра, Заступніка нашай дыяцэзіі, я хачу расказаць пра двух ксяндзоў, якія калісьці працавалі ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Індуры.
Людзі старэйшага пакалення памятаюць, як моцна быў пераследаваны Касцёл на Гродзеншчыне. Святыні зачынялі, разбуралі. Ганенні закранулі таксама ксяндзоў. Многія з іх прайшлі праз лагеры. Але святары не ўсумніліся, мелі велізарную веру, былі адданы Богу і людзям і гатовы да кожнай ахвяры. Дзякуючы іхняй працы і намаганням, на нашых землях захавалася вера. Гэта ксяндзы: Алаізій Тамковіч, Юзаф Кавальчык, Пётр Барташэвіч і Казімір Радзішэўскі. Пасля вяртання з лагераў яны цалкам прысвяцілі сябе службе Богу і людзям, не шкадавалі сіл, былі гатовыя прыйсці на дапамогу кожнаму. Яны выконвалі абавязкі не толькі ў сваёй парафіі. Калі была патрэба, то у кожную пару дня і ночы яны спяшаліся ў іншыя парафіі. Напрыклад, ксёндз Пётр Барташэвіч з Адэльска умеў працаваць з моладдзю. Ён арганізаваў музычныя і спартыўныя гурткі, дзякуючы яго намаганням паўстала бібліятэка. Плябанія была месцам сустрэчы моладзі, своеасаблівым культурным цэнтрам. Праца з моладдзю прыносіла прыгожы плён. А які з яго быў казнадзей! Ён умеў расчуліць людскія сэрцы да слёз. Гэта менавіта ён патаемна падрыхтаваў да святарства некалькі маладых кандыдатаў, між іншым кс. Антонія Ханько. Ксёндз Алаізій Тамковіч, якога забралі ў лагер з Індуры, выконваючы святарскія паслугі ў Макараўцах, калісьці сказаў мне: “Вучыся, хлопча, прыйдуць часы, калі ты будзеш нам патрэбны”. Яго словы, натхнёныя верай, збыліся.
Цяжкія часы ваяўнічага атэізму закранулі таксама індурскую парафію. На працягу доўгіх год парафія не мела ксяндза. Праз тры гады пасля смерці кс. Яна Куніцкага ў Індуру прыехаў ксёндз Юзаф Кавальчык. У 1955 г. кс. Юзаф загінуў падчас аўтамабільнай аварыі. Для вернікаў гэта была вялізарная страта. Я памятаю яго пахаванне і натоўпы людзей, агорнутых жалобай.
    Праз год парафію ў Індуры прыняў кс. Казімір Радзішэўскі, які працаваў там аж да смерці ў 1978 г. Гэта была гераічная служба. Гады, праведзеныя ў лагерах, пакінулі адбітак на здароўі кс. Казіміра. Ён быў знясілены хваробаю. Працаваў не толькі ў Індуры, даязджаў таксама ў іншыя парафіі. Пры тым вымушаны быў выкручвацца з савецкіх “пастак”. Гэта патрабавала вялікіх сіл, здароўя і ахвярнасці. Гэтае напружанне адбілася на яго здароўі, аднак ён мужна трываў усе выпрабаванні.
    Да маёй школы было 5 кіламетраў. Часта, ідучы туды, я сустракаў фурманку, якая везла ксяндза з Найсвяцейшым Сакрамэнтам да хворых.
    У тыя часы бальшавікі атакавалі Касцёл. Яны лічылі рэлігію варожай ідэалогіяй. Прывяду адзін прыклад. У 1958 г. я паехаў вучыцца ў сталіцу. Абараняў рэлігію і сваю веру. Хтосьці данёс на мяне ўладам. Тут жа прыехалі ў навучальную ўстанову і пацікавіліся маёй біяграфіяй.
    Ксяндзу забаранілі прымаць дзяцей у касцёл, хрысціць, даваць шлюб маладым асобам, якія былі (часта пад прымусам) камсамольцамі. У нядзелю перад касцёлам стаялі “вартаўнікі”, якія пільнавалі, хто з настаўнікаў пойдзе ў касцёл. Калі кагосьці заўважалі, то тут жа ксяндза вызывалі ў адміністрацыю ў Індуры ці Гродне. Так адбывалася амаль кожную нядзелю. Але ксёндз рабіў сваё, таму што служыў Богу. Але ж за такія паводзіны ўлады маглі зачыніць касцёл і забараніць ажыццяўляць св. Імшу. Такіх выпадкаў было мноства. Але кс. Казімір выконваў сваю службу належным чынам. Калі не было магчымасці сустракацца з людзьмі ў касцёле, то прымаў іх у сваім жыллі. Калі нельга было ўдзень, то рабіў гэта ноччу. Ксёндз Казімір неаднойчы хрысціў дзяцей ноччу ў плябаніі. А нам удзяліў шлюб а трэцяй гадзіне ночы ў пустым цёмным касцёле пры свечцы і ў прысутнасці толькі аднаго сведкі. Праз 48 год ад той даты я прызнаюся, што гэта была найбольш значная і найпрыгажэйшая ўрачыстасць у маім жыцці. Я вельмі ўдзячны кс. Казіміру. Ксёндз пераконваў мяне ісці вучыцца ў семінарыю, але Бог хацеў інакш: я стаў інжынерам. Вернікі так моцна палюбілі кс. Казіміра, што без яго не ўяўлялі сабе дальнейшага існавання парафіі.
    Праходзячы на могілках ля магілы кс . Радзішэўскага, я прыгадваю тыя гады і нізка кланяюся, дзякуючы за яго гераічную паставу і працу для Бога і людзей.
    Я ўспамінаю адзін момант, звязаны з кс. Радзішэўскім і “жартамі” з Богам. У 1961 г., калі я вучыўся ў Мінску, мне трапіла ў рукі газета “Чырвоная змена”, у якой быў блюзнерчы артыкул, зневажаючы Касцёл і кс. Радзішэўскага. Яго напісаў студэнт універсітэта, выпускнік індурскай школы (некатолік). Праз некалькі месяцаў я даведаўся, што гэты хлопец трапіў пад машыну і загінуў.
    На працягу 5 год пасля смерці кс. Радзішэўскага касцёл у Індуры зноў быў без ксяндза. Сюды даязджалі святары з суседніх парафій.
    У 1983 г. у Індуру прыехаў кс. Казімір Жыліс, які правёў тут амаль дваццаць год. Яго праца і старанні для дабра касцёла і вернікаў былі незвычайныя. Цяжкія гады атэізму далі аб сабе знаць. Ксяндза Жыліса чакала велізарная праца. Спачатку кс. Казімір гаварыў казанні па-руску, але хутка навучыўся польскай мове. У гэтым заслуга і майго дзядзькі, сакрыстыяніна Антонія Кацынэля.
    Ксёндз Казімір умеў працаваць з людзьмі, досыць хутка аб’яднаў вакол сябе мясцовую моладзь. Ён разбіраўся ў тэхніцы. Тэлебачанне, відэа, запісы фільмаў і магнітафонныя былі яго захапленнем. Ксёндз Казімір тлумачыў вернікам Евангелле і гісторыю Касцёла. Моладзь і дзеці гарнуліся да яго. У яго памяшканні іх заўжды было многа. У барацьбе за дабро людзей кс. Жыліс рашуча выкараніў ужыванне алкаголю падчас пахаванняў.
    Ксёндз Казімір вельмі ўспрымальны на прыгажосць: кветкі, драўляныя разьбяныя фігуры. Таму ён прыняўся за рамонт касцёла і ўпарадкаванне прыкасцёльнай тэрыторыі і могілак. У касцёле з’явіліся новыя лаўкі, святыня была пафарбавана ўнутры. Прыкасцёльная тэрыторыя была ўпрыгожана драўлянымі фігурамі, было пасаджана мноства кветак і туй. Сёння гэта выглядае прыгожа. Былі ўпарадкаваны таксама могілкі.
    Апрача Індуры, кс. Казімір абслугоўваў таксама іншыя парафіі. Казанні ксяндза даходзілі да кожнага верніка. Ксёндз Казімір пакінуў пасля сябе вялікі след.У 2001 г. кс. Жыліс быў накіраваны на працу ў біскупскую курыю ў Гродне. Часта яго можна было бачыць з камерай у руках, ён здымаў на стужку ўсе ўрачыстасці, пакідаючы памяць аб гісторыі Касцёла на Гродзеншчыне. Кожны дзень кс. Казіміра можна сустрэць у катэдры. Ён спавядае людзей да позняга вечара.
    Падсумоўваючы апошняе 50-годдзе, трэба сцвердзіць, што не зважаючы на спробы ўціску, людзі захавалі веру. Сёння Касцёл квітнее. Гэта - вялікая заслуга ксяндзоў, якія адважна неслі свой крыж праз лагеры; цяжкія часы атэізму, збіраючы вакол сябе мноства людзей, не губляючы надзеі і веры. Яны любілі людзей па ўзоры Хрыста. Іх вера і мужная пастава дапамагалі нам перамагчы цяжкасці тых гадоў. Аддзяч ім, Божа!