Канікулы – час з Богам

Дзіцячы куточак

Прывітанне, Маленькі Чытач! Напэўна, у апошні дзень навучальнага года Ты вярнуўся дамоў і падумаў: “Нарэшце канікулы! Куды б паехаць? Я ж заслужыў адпачынак!”. Мяркую, гэты час у кожнага з нас асацыіруецца з чымсьці пазітыўным, прыемным. Давайце паспрабуем уявіць, якая карціна адкрываецца вачам, калі думаем пра канікулы. Пляж і спакойнае мора з прыгожым захадам сонца, пальмы і тропікі, горныя вяршыні, горад з цікавай архітэктурай, які плануем наведаць... Што Ты будзеш рабіць у час адпачынку? Рыбачыць, плаваць у вадаёме, лазіць па гарах, даследаваць мясцовасць, загараць, чытаць, ездзіць на веласіпедзе?
102 гады мінула, як Лета – час гарачы, лянівы. Жыццё ідзе больш павольна, нібы ў іншым вымярэнні. Мы адпачываем… І менавіта летам вельмі лёгка пакідаем Бога на заднім плане. Адчуваючы сябе свабоднымі і радаснымі, забываемся пра абавязкі добрага хрысціяніна. А Бог? Ён чакае.
    Св. Ян Боско, які жыў у Італіі ў XIX стагоддзі, апекаваўся беднымі хлопцамі. Калі набліжаўся час канікул, ён стараўся пераканаць сваіх маладых сяброў у тым, каб у вольны час “не крыўдзілі Бога і не шкодзілі сваёй душы”. “Калі бацька адпраўляе сваіх дзяцей далёка, – аднойчы сказаў св. Ян Боско, – то, нягледзячы на ўпэўненасць, што тыя паслухмяныя і ведаюць, як сябе паводзіць, усё роўна непакоіцца, каб яны не заблукалі, не трапілі ў непрыемную сітуацыю. Ён так іх любіць! Я і ёсць гэты бацька, а вы – мае дзеці, якія неўзабаве пакінуць свайго бацьку, выязджаючы на канікулы. І каб не здарылася штосьці дрэннае, хачу даць вам некалькі парад. Перш за ўсё, памятайце, што Бог бачыць вас заўсёды і ўсюды, таксама і ў моманты адпачынку і забавы. Каб не абразіць Пана, не адысці ад Яго, варта пазбягаць кантакту з дрэннымі людзьмі. Гэта тыя, хто ганіць, ліхасловіць пра рэлігію, мае нядобрыя намеры. Падчас канікул вы павінны знайсці час для нядзельнай і святочнай св. Імшы, для рэгулярнай споведзі і св. Камуніі, а таксама для штодзённай ранішняй і вячэрняй малітвы. Нягледзячы на вольны час, якога ў вас цяпер удосталь, мусіце змагацца з лянотай. Клапаціцеся аб тым, каб не згубіць ні хвіліны!”.
    Перад пачаткам канікул св. Ян Боско часта казаў: “Вам трэба чытаць і вучыцца, таму што маеце добрую магчымасць выправіць недахопы навучальнага года. Чытанне не толькі забаўляе, але больш за ўсё вучыць. Канікулы – гэта таксама час для таго, каб дапамагчы бацькам. Яны працуюць круглы год дзеля дабрабыту сям’і. Дапамагаючы ім у свой вольны час, можаце ўзнагародзіць іх за гэта... Я б рэкамендаваў вам яшчэ тысячу іншых рэчаў. Усё дзеля таго, каб перажылі канікулы добра. Аднак спынюся на адной парадзе, якая змяшчае ў сабе ўсё, аб чым хацеў бы Вас папрасіць. Не здзяйсняйце аніводнага граху! Бараніцеся яго, як атрутнай змяі. Калі вам гэта ўдасца, перажывеце добрыя канікулы, вярнецеся здаровымі і жыццярадаснымі, гатовымі распачаць наступны год навучання і працы. Пакідаю вам гэтыя словы, як бацька, які любіць сваіх дзяцей”.
    Дарагі Маленькі Чытач! Я таксама далучаюся да парад гэтага вялікага святога і напрыканцы замест задання хачу падзяліцца з Табой незвычайнымі 10-цю запаведзямі на канікулы. Можаш раздрукаваць іх на вялікім аркушы паперы, каб заўсёды былі перад вачамі.
    10 запаведзей на канікулы:
   kacik2 1. Развітайся са сваімі бацькамі, але не з Богам.
    2. Не забудзься пра заплечнік, пакладзі ў яго малітоўнік і ружанец.
    3. Вазьмі добры абутак, каб падчас канікул прыйсці ў касцёл.
    4. Размаўляй не толькі з людзьмі, але з Богам – часта маліся.
    5. Рухайся па компасе і запаведзях, і не заблукаеш.
    6. Заўсёды май поўны страўнік і ніколі – пустое сэрца: прымай св. Камунію.
    7. Надзень цёмныя акуляры, але не закрывайся ад Бога.
    8. Не пакідай смецце на стаянках, тым больш у сваёй душы.
    9. Не кідай на шляху камяні, але ўсмешку.
    10. Пасля канікул запішыся на катэхезу, заплануй рэгулярныя сустрэчы з Панам Богам

   Памятай: Божых запаведзей і Касцёльных наказаў няма канікул!