Чаму слова “мама” з’яўляецца галоўным і самым дарагім?

Дзіцячы куточак

maryСклад “ма” – самы просты з таго, што можа вымавіць немаўля. І слова “мама” з’явілася, як мяркуюць, з паўтарэння дадзенага склада. Магчыма, гэта было першым словам усяго чалавецтва. Ад яго і да таго падобных “дзіцячых” слоў пачалася ў глыбокай старажытнасці наша мова.
    Мама – галоўны чалавек у жыцці нованароджанага. Яна праводзіць з немаўлём шмат часу, клапоціцца пра яго, выхоўвае. З маленства жанчына апекуецца сваім дзіцём як анёл. Аб гэтым нам распавядае наступная гісторыя…
    За дзень да свайго нараджэння дзіця спытала ў Бога:
    – Кажуць, заўтра мяне адправяць на зямлю. Як жа я, такі малы і безабаронны, буду там жыць?
    Бог адказаў:
    – Я падару анёла, які паклапоціцца пра цябе.
    Дзіця задумалася. Пасля заўважыла:
    – Тут, на нябёсах, я толькі смяюся і спяваю. Гэтага мне дастаткова для шчасця…
Бог перапыніў:
    – Твой анёл будзе спяваць і ўсміхацца для цябе. Адчуеш яго любоў і будзеш шчаслівы.
    – О! Але як зразумею яго? Я ж не ведаю яго мовы? – спытала дзіця, пільна гледзячы на Бога. – А што мне рабіць, калі я захачу звярнуцца да Цябе?
    Бог пяшчотна дакрануўся да галавы дзіцяці і сказаў:
    – Анёл складзе твае рукі разам і навучыць маліцца.
    Затым дзіця спытала:
    – Я чуў, што на зямлі ёсць зло. Хто абароніць мяне?
    – Твой анёл абароніць цябе, нават рызыкуючы ўласным жыццём.
    – Мне сумна, бо я не змагу больш бачыць Цябе...
    – Анёл раскажа табе пра Мяне ўсё і пакажа шлях, як можна сюды вярнуцца. Таму Я заўсёды буду побач.
    У гэты момант з зямлі сталі даносіцца галасы, і дзіця паспешна спытала:
    – Божа, скажы мне, як завуць майго анёла?
    – Яго імя не мае значэння. Ты будзеш называць яго проста – мама.
    Для кожнага мама з’яўляецца анёлам на зямлі, якога вызначае Бог, каб мы не былі самотнымі.
   
Заданне:
    не забудзь павіншаваць матулю з Днём маці, зрабі ёй штосьці прыемнае і асабліва памаліся за яе да Нябеснай Маці.

   
    Чакаем Тваіх “чаму”, якія можаш дасылаць на адрас рэдакцыі.
    На пытанні заўсёды гатовыя адказаць салезіянкі са Смаргоні.