Чаму стаць святым зусім няцяжка?

Дзіцячы куточак

Хутка споўніцца 160 гадоў з дня смерці Дамініка Савіо, які з’яўляецца адным з самых маладых заступнікаў у небе, прызнаных Касцёлам. Яшчэ пры жыцці хлопчык зразумеў, што стаць святым нескладана. У гэтым яму дапамагла “формула” кс. Яна Боска.
Аднойчы Дамінік слухаў казанне кс. Боска, які гаварыў аб святасці. Святар падкрэсліў, што воля Божая палягае на тым, каб усе людзі сталі святымі. На небе душы чакае вялікая ўзнагарода.
    З таго моманту Дамінік стаў марыць аб святасці. Але якім чынам ажыццявіць задуманае? Можа, трэба здзяйсняць епітым’ю, як св. Людовік, што бічаваў сябе да крыві? Або маліцца цэлымі начамі, як св. Францішак Асізскі? Калі б ён быў старэйшым, мог бы адправіцца на місію, падобна св. Францішку Ксаверыю або апосталам... Але як зрабіцца святым, жывучы сярод кніжак і падручнікаў, у школе, у трапезнай?
Дамінік занепакоіўся, страціўшы звычайную весялосць. Гэта заўважыў кс. Боска, які падышоў да хлопчыка і спытаў:
    – Дамінік, як тваё здароўе?
    – Дзякуй, добра.
    – Але ты моцна змяніўся. Перастаў смяяцца, як раней. Можа, пакутуеш ад нейкага болю?
    – Не, я пакутую ад радасці.
    – У якім сэнсе?
    – Разумееце, я прагну стаць святым. Раней лічыў, што гэта вельмі цяжка. Але цяпер, калі Вы сказалі, што ўсе мы можам стаць святымі, я таксама захацеў. Толькі не ведаю, што для гэтага трэба рабіць.
    Кс. Боска ўсміхнуўся. Дамінік ужо далёка прасунуўся на шляху да святасці, хоць і не ведаў пра гэта. Быць святым – значыць любіць Бога і бліжняга. А Дамінік вельмі ўсіх любіў, нават калі яму было нялёгка і даводзілася ісці на немалыя ахвяры. І кс. Боска сказаў:
    – Я хачу падарыць табе формулу святасці. Слухай уважліва. Першае – весялосць. Тое, што цябе турбуе і пазбаўляе супакою, ідзе не ад Бога. Але я гавару не пра тую дураслівую весялосць, як бывае ў гарэз, а пра радасць: яна нараджаецца са згоды з Богам і іншымі. Другое – выкананне абавязкаў у дачыненні да вучобы і набожнасці. Трэба быць уважлівым у школе, старанна выконваць урокі, шчыра маліцца. Але рабіць усё гэта не дзеля ганарыстасці або пахвалы, а з любові да Бога, затым, каб стаць сапраўдным чалавекам.
    І трэцяе – тварыць дабро іншым. Заўсёды дапамагай таварышам, нават калі табе гэта падаецца вельмі цяжкім. У гэтым заключаецца ўся святасць.
   З кнігі Тэрэзіо Боска “Святы Дамінік Савіо”
   
    Чакаем Тваіх “чаму”, якія можаш дасылаць на адрас рэдакцыі.
    На пытанні заўсёды гатовыя адказаць салезіянкі са Смаргоні.
Заданне:
    скласці сваю формулу святасці