Другі восеньскі месяц – часта халодны, дажджлівы і пахмурны кастрычнік, заўсёды трохі сагрэты сваім рэлігійным зместам, бо гэта ружанцовы месяц. Усведамленне часу малітвы на ружанцы, напрыклад, вячэрняя пара, калі ўся сям’я збіраецца дома, пасля школы, працы, не аднаго чалавека напаўняе радасцю, чаканай радасцю размовы з Богам, з найлепшым Сябрам!
Малітва – гэта размова з Усемагутным, гэта нітачка, якая злучае чалавека са Стварыцелем. Трэба навучыцца маліцца. Чалавек удасканальвае сваю форму малітвы на працягу ўсяго жыцця.
Вы, маладыя Сябры, ужо будучы дзецьмі ведаеце мэту, сэнс і спецыфіку гэтага непаўторнага дыялогу з Богам. Нікога з Вас напэўна не здзівіць такое сцвярджэнне, што дзяцінства і маладосць з’яўляюцца найлепшым часам, каб вучыцца маліцца. Мы часта адчуваем неабходнасць малітвы.
Ружанец – вельмі простая малітва, якая адначасова заключае ў сабе шмат зместу. Божая Маці заахвочвае да яе падчас аб’яўленняў у Лурдзе, Фаціме ці ў Ля Салет. Дзякуючы ружанцовай малітве мы можам разам з Езусам і Марыяй удзельнічаць у іх радасных і смутных хвілінах жыцця.†