Самая прыгожая ружа
Дзіцячы куточак
–
Самая прыгожая ружа ў садзе – гэта я! – заявіла садовым кветкам вялікая прыгожая ружа, ганарліва выпрастаўшыся пад промнямі ранішняга сонца. Яе пялёсткі, нібы зробленыя з тонкага аксаміту, былі ледзь загнуты ўніз, і на іх зіхацелі кропелькі расы.
– Так, так! Вы ў нас самая прыгожая! – заківалі званочкі. І з іх мініяцюрных галовак на траву выліліся кроплі празрыстай вады. – У гэтым садзе мяне сарвуць першай, – ганарліва сказала ружа. – І я буду стаяць у прыгожай хрустальнай вазе ў хаце. Гэтая ваза заўсёды стаіць на падаконніку. Вось яна – яе заўсёды адсюль відаць.
І праўда, у акенцы стаяла ваза з празрыстага хрусталя.
– Вы проста чароўная, непаўторная ў сваёй красе! – ў захапленні расхвальваў ружу васілёк.
– Вядома, я ж не простая ружа, а гатунковая! – ганарылася сабой ружа.
†
Але тут гутарка кветак спынілася. У сад зайшоў дзед Нічыпар – садоўнік. Ён трымаў за руку ўнучку, маленькую кучаравую дзяўчынку.
– Ну, Марыся, выбірай, якую кветку мне зрэзаць сёння, у твой Дзень нараджэння. Можа быць, гэтую прыгожую чырвоную ружу? Дзяўчынка хадзіла паміж кветкамі і доўга выбірала...
– Вось гэтую, дзядуля, – паказала яна на невялікую кветачку белай ружы.
– Гэта ж звычайная белая ружа! Можа, лепшую выбераш? – здзівіўся дзядуля.
– Не, мне падабаецца менавіта гэтая кветка. Гэтая ружа такая белая, такая сціплая! Ёю я буду любавацца ўвесь мой Дзень нараджэння.
Кветачку зрэзалі і паставілі ў хрустальную вазу на падаконніку. Ветрык дакранаўся да яе пялёсткаў і лісточкаў, разносячы далікатны водар па пакоі Марысі.
– Гэтая ружа самая прыгожая і непаўторная! Яна проста цудоўная, дзядуля! – цешылася ўнучка.
Так бывае і ў жыцці: чалавек хваліцца, узвышаецца над іншымі, не заўважаючы людзей сціплых і простых. “Але Бог выбраў неразумнае свету, каб асароміць мудрых, і слабое свету выбраў Бог, каб асароміць моцных; і бязроднае свету, і пагарджанае, і тое, чаго няма, выбраў Бог, каб знішчыць існае, каб ніякае цела не выхвалялася перад Богам” (1 Кар 1, 27–29).
А ў садзе, схіліўшы свае аксамітныя пялёсткі, моўчкі расла чырвоная ружа, якую ў гэты дзень так ніхто і не зрэзаў.