Свечка і пачак запалак

Дзіцячы куточак

На адным з пада­кон-нікаў старой самотнай хаты стаяла невялікая свечка, а побач з ёй ляжаў пачак запалак. Было гэта даўно, калі ў хатах яшчэ не было электрычнасці. У тыя часы свечкі па вечарах рупліва працавалі, асвятляючы ўсе куткі хаты.
    Калі пасля працоўнага дня стомленыя жыхары ішлі адпачываць, свечка і пачак запалак, застаючыся на падаконніку, пачыналі гутарку. Аднойчы пачак запалак заклапочана звярнуўся да свечкі:
    – Сяброўка, ты становішся ўсё меншай. Калі ты гарыш, ты растаеш. Будзь асцярожнай, а то аднойчы ад цябе нічога не застанецца!
    Свечка ўсміхнулася:
    – Калі я свячу, я сапраўды ахвярую сябе, але ў гэтым і ёсць маё прызначэнне, для гэтага я і была зроблена.
    – Знайшла чаму радавацца. Паглядзі, якая ты маленькая! Вось, калі б ты была агнём маяка і паказвала вялікім караблям шлях да прыстані, тады твае намаганні не былі б марнымі.
– Так, я маленькая, гэта праўда. Але я магу асвяціць цёмны кут. Хіба ты не бачыў, як учора бабуля рассыпала свае каралі?! Мною пасвяцілі вакол – і ўсе пацеркі знайшліся! Маё святло дапамагло бабулі.
    Свечка зноў усміхнулася. Але пачак насупіўся. Адказаць ён нічога не паспеў, таму што падышла бабуля, узяла свечку і занясла яе да сябе ў пакой.
    Сябры сустрэліся толькі на наступны дзень.
    – Ой-ой-ой! – залямантаваў пачак запалак. – Што з табой здарылася?! Ты на палову меншая, чым учора!!!
    Свечка весела падміргнула і адказала:
    – Ведаеш, што было? Бабуля пры святле майго агню пачала чытаць Біблію. Яна так зачыталася, што мне прыйшлося гарэць да паўночы. Але гэта нічога. Я была вельмі рада пасвяціць ёй, асабліва пасля таго, як яна прачытала наступныя словы: “І ночы не будзе там, і не будуць мець патрэбы ні ў светачы, ні ў святле сонечным, бо Гасподзь Бог асвятляе іх”. Потым бабуля сказала: “Пане Езу, я дзякую табе за ўсё, што адбываецца ў маім жыцці, а яшчэ я ўдзячная Табе за гэтую маленькую свечку, якая дала мне святло, каб ушанаваць Тваё святое Слова”. Ты не ўяўляеш, якая я шчаслівая, што магла ахвяраваць бабулі сваё святло! Пачак запалак зноў не знайшоў, што адказаць.
    Аднойчы вечарам адбылося нешта дзіўнае. Нават пасля таго, як усе ляглі спаць, свечка на падаконніку працягвала гарэць. Ніхто не патушыў яе. На вуліцы была завіруха. Вецер выў, свістаў, круціў снежныя аблокі. Часам праз няшчыльную аконную раму на свечку трапляў струмень халоднага паветра. Ад гэтага яна раставала яшчэ хутчэй. – Што ты з сабой робіш?! Ад цябе застанецца толькі лужына воску! Дазволь наступнаму подыху ветру патушыць цябе і выратаваць ад поўнага знішчэння! – ізноў непакоіўся пачак запалак. Але свечка толькі ўсміхнулася. Яна, працягваючы гарэць, станавілася ўсё меншай. А пачак запалак тым часам захваляваўся не на жарт:
    – Няўжо ты мяне не паслухаеш?! Ты ж можаш выратаваць сваё жыццё, калі перастанеш свяціць.
    – Мяне паставілі сюды свяціць. Гэта маё месца. І я буду аддаваць сваё самае лепшае святло!
    – Гэта вар’яцтва! – не сціхаў пачак.
    У гэты момант пад акном пачуўся шоргат, а потым раздаліся крокі на ганку. Хтосьці пастукаў у дзверы. Грукат пачулі не толькі свечка і пачак запалак. Гаспадар і старэйшыя сыны прачнуліся і адчынілі дзверы. Халодны парыў ветру ўварваўся ў пакой і прымусіў полымя свечкі задрыжаць яшчэ мацней. Праз парог намяло снегу, а з цемры ночы ў асветлены свечкай пакой увайшла жанчына. Яна ледзь рухалася. Начную госцю пасадзілі каля печкі, дапамаглі зняць зацярушанае снегам паліто і пачалі расціраць застыўшыя ад холаду рукі і ногі. Трохі адагрэўшыся, жанчына стала расказваць:
    – Я заблукала. Снег сыпле няспынна, завея замяла дарогу. Вось ужо некалькі гадзін я блукаю, дарэмна спрабуючы зноў знайсці дарогу. Ужо зусім з сіл выбілася. Я падумала: лягу ў снег і памру. Але ў той самы момант я ўбачыла слабое святло і зразумела, што дзесьці непадалёк ёсць хата.
    – А мы для таго і пакінулі свечку гарэць на падаконніку, – сказаў гаспадар. – У такую завею людзі часта збіваюцца з дарогі.
    Гаспадар паглядзеў на падаконнік, дзе стаяла свечка. Яна гарэла так доўга, што ад яе амаль нічога не засталося.
    – Добрая маленькая свечка, ты выратавала сёння чалавеку жыццё, – прамовіў ён з усмешкай на твары.
    Маленькая свечка таксама як быццам усміхнулася ў адказ, бліснула яшчэ раз яркім полымем і згасла.
    Езус аддаў сваё жыццё на крыжы для таго, каб падарыць усім нам святло выратавання. І ўсім, хто паверыў у Яго, Ён кажа: “Вы святло свету”. У кожнага з нас сваё месца: у хаце ці ў школе, на вуліцы ці на футбольнай пляцоўцы. Калі мы будзем імкнуцца аддаваць лепшае, нам не будзе сорамна ў той дзень, калі мы будзем стаяць перад Езусам.