Многа ці мала

Дзіцячы куточак

Надакучыла вучыцца, – сказаў Пятрусь маме, калі прыйшоў са школы ў дрэнным настроі. Ён скінуў свой ранец на падлогу і сумны сеў на канапу.
    – Што-небудзь у школе здарылася? – спыталася мама.
    – Кожны дзень адно і тое ж. Гэтыя лічбы і літары блытаюцца, хутка ўжо па начах сніцца будуць.
    – Няўжо так цяжка вучыцца?
    – Сёння зноў не пагуляю, – сказаў Пятрусь ледзь не плачучы. – Ізноў кучу хатніх заданняў задалі, да ночы прыйдзецца сядзець.
    Толькі Пятрусь паабедаў і сеў за матэматыку, як хтосьці пазваніў у дзверы. Гэта прыйшоў Стасік, яго аднакласнік, і стаў цікавіцца, ці выйдзе ён сёння на вуліцу пагуляць.
– Не, – кажа мама, – яму на заўтра многа заданняў задалі.
    – Як гэта многа? – здзівіўся Стасік. – Нам сёння мала задалі, я ўжо ўсе ўрокі зрабіў.
    – Табе, можа быць, і мала задалі, а вось Петрусю, напэўна, ваша настаўніца заўсёды многа задае.
    Стасік пайшоў, а праз паўгадзіны зноў хтосьці ў дзверы пазваніў. Прыйшлі Кастусь і Андрэй, таксама аднакласнікі Петруся.
    – А можна да Пеці ў госці? – спыталі яны яго маму.
    – Не, нельга, Петрусю сёння многа ўрокаў задалі, ён яшчэ не ўсё зрабіў.
    – Як гэта многа, – дзеці здзіўлена пераглянуліся паміж сабой. – Наадварот, нам мала задалі, мы ўжо даўным-даўно ўсё зрабілі.
    – Вось дзіўна, як гэта мала? – спытаў Пятрусь, выйшаўшы са свайго пакоя ў калідор. – Чаму гэта вам настаўніца задае мала, а мне кожны раз многа?
    – А можа быць, ты штосьці наблытаў у класе і няправільна запісаў хатняе заданне?
    Дзеці разам сталі правяраць дзённік Петруся, і аказалася, што ён усё правільна запісаў – яму задалі роўна столькі, колькі і ўсім астатнім. Калі дзеці пайшлі, Пятрусь пачасаў патыліцу і задуменна сказаў:
    – Нічога не разумею. Як гэта яны ўжо ўсё паспелі зрабіць, а я да ночы з урокамі мучаюся.
    – А мне ўсё стала ясна і зразумела, – сказала мама. – Твае сябры сабралі ўсю сваю волю, селі за ўрокі і, не звяртаючы ўвагі на ўсялякія глупствы, хутка іх зрабілі. Таму і здаецца ім, што мала ўрокаў задаюць. А ты то камп’ютар уключаеш, то з машынкай пад сталом гуляеш, то адпачынак у цябе праз кожныя пяць хвілін, вось і адцягваеш урокі да самай ночы.
    – А ў мяне так не атрымліваецца, – сказаў Пеця, – я не магу рабіць урокі не ўстаючы з-за стала.
    – Гэта таму, што ў цябе воля слабая і нетрэніраваная. Толькі на ўсялякія глупствы і гульні яе хапае, а вось на вучобу ці штосьці цяжэйшае яе ў цябе мала.
    – Як гэта нетрэніраваная? Яе што, трэніраваць можна? – здзівіўся Пятрусь.
    – Вядома, волю трэніруюць, таксама, як і мышцы на руках і нагах, – адказала мама. – На штосьці вельмі цяжкае ў цябе волі адразу не хопіць. Трэба па-троху кожны дзень прымушаць сябе рабіць усё больш і больш цяжкія справы. Напрыклад, табе задалі тры задачы, а ты ўзяў і чацвёртую рашыў.
    – Гэта ж цяжка! Я тады яшчэ даўжэй урокі буду рабіць, – сказаў Пятрусь.
    – Ну, для пачатку, калі сядаеш за ўрокі, паспрабуй зусім не браць у рукі машынкі, а ўжо потым, як у школе, цэлы ўрок вывучыць не ўстаючы, без адпачынку.
    Пасля гутаркі з ма­май Пятрусь заняўся трэніроўкай сваёй волі. Спачатку яму было вельмі цяжка, але неўзабаве хлопчыку стала здавацца, што хатняга задання задаюць усё менш і менш. Зараз ужо Пятрусь ніколі не казаў, што яму задаюць шмат урокаў, бо ён ведаў: калі здаецца, што працы шмат, значыць волі ў чалавека мала.