Дзьмухавец

Дзіцячы куточак

Нядаўна, чытаючы нейкую кнігу, я натыкнулася на апісанне дзьмухаўца. Здавалася б, што нічога цікавага нельга даведацца пра гэтую звычайную кветачку, якая расце проста пад нагамі. Але, чытаючы радок за радком, я ўсё больш здзіўлялася.
    Бог, ствараючы дзьмухавец, не толькі паспрабаваў зрабіць яго прыгожым і вясёлым. Ён агарнуў велізарным клопатам маленькае насенне гэтай раслінкі.
    Вы ўсе добра ведаеце, як цвіце дзьмухавец: гэта ярка-жоўтая кветка, якую вельмі любяць дзеці. Усе Вы, напэўна, не раз плялі вянкі з дзьмухаўцоў, рабілі свістулькі з яго сцяблінак. Некаторыя гаспадыні гатуюць салат з дзьмухаўцоў і нават вараць варэнне. Калі дзьмухавец адцвітае, яго галоўка становіцца падобнай на белы пушысты шарык, бо пялёсткі ператвараюцца ў “парашуцікі”, да якіх прымацавана насенне. Неверагодна, што гэтыя малюсенькія зярняткі з’яўляюцца аб’ектам вялікага клопату нашага Стварыцеля.
Не падумайце, што Бог проста прычапіў гэты “парашуцік” да насення дзьмухаўца: “Ляці, калі жадаеш і куды жадаеш!” Проста так гэты “парашуцік” нікуды не паляціць. Для гэтага павінны быць асаблівыя ўмовы. Па-першае, насенне павінна паспець. Яно моцна трымаецца за галоўку дзьмухаўца, пакуль не стане зусім гатовым для хуткага вандравання. Па-другое, павінна быць спрыяльным надвор’е.
    Бог навучыў дзьмухавец не раскрываць свой “кошычак” з насеннем ў халоднае і пахмурнае надвор’е, каб ніводнае непаслухмянае зернятка не змагло адарвацца і паляцець. Па-трэцяе, паветра не павінна быць занадта вільготным, бо нават дзецям вядома, што мокры “парашуцік” далёка не заляціць. Таму падчас дажджу дзьмухавец моцна трымае свае “парашуцікі” ў складзеным выглядзе. І, па-чацвёртае, вецер павінен быць пэўнай сілы, дастатковай для таго, каб насенне пакінула свой утульны “кошычак”.
    І вось, нарэшце, усталявалася цёплае сухое надвор’е, дзьме лёгкі ветрык, свеціць сонейка. “Парашуцікі” з насеннем адзін за другім адрываюцца ад расліны і адпраўляюцца ў далёкую вандроўку, каб у наступным годзе зацвісці на лугах, на сенажацях, на палях, на ўзлеску, у горадзе, каб упрыгожваць свет і цешыць людзей сваёй прыгажосцю, каб даць жыццё іншым “парашуцікам”.
    Ляціце, маленькія “парашуцікі” з насеннем дзьмухаўца! Ваш Стварыцель паклапаціўся пра тое, каб ваша вандраванне было шчаслівым!
    Падумаць толькі, калі наш Бог з такой любоўю падрыхтаваў усё для жыцця маленькага насення дзьмухаўца, то наколькі ж больш Ён клапоціцца пра тых, каго стварыў па сваім вобразе і падабенстве, – пра нас з Вамі! Ён падрыхтаваў нас да доўгай вандроўкі па жыцці і ў кожную хвіліну асцерагае і захоўвае нас.