Мазаіка мудрых думак

Дзіцячы куточак

– Ведаеш, мы ўвесь час сварымся... Напэўна, пры такіх абставінах мы не можам быць разам, так?
    – А ты любіш вішню?
    – Так.
    – А ты выплёўваеш костачкі, калі яе ясі?
    – Ну, так.
    – Так і ў жыцці: вучыся выплёўваць костачкі і адначасова любіць вішню!
   
◊◊◊
– Скажы, настаўнік, – спытаў вучань, – чаму добрыя справы часцей робяць бедныя людзі, чым багатыя?
    – Па­дыдзі да акна, – сказаў настаўнік вучню. – Што бачыш?
    – Бачу, як дзеці гуляюць на двары.
    – А цяпер падыдзі да люстэрка. Што зараз бачыш?
    – Бачу сябе.
    – Вось! Акно і люстэрка зроблены з аднолькавага матэрыялу – шкла. Але праз простае шкло ты бачыш жыццё, а калі дадаць трошкі каштоўнага металу, пасерабрыць паверхню шкла – і ты ўжо бачыш толькі самога сябе!
◊◊◊
   Цікава, а сляпым таксама не падабаюцца восеньскія пахмурныя дні?
    Цікава, а бедным дзецям у Афрыцы гэтак жа крыўдна, калі ім на Дзень нараджэння дораць не іРod, а іншы плэер?
    Цікава, а дзецям-сіротам гэтак жа хочацца хутчэй 18 гадоў, каб з’ехаць ад бацькоў?
    Цікава, а людзі, якія выжылі пасля выбуху, гэтак жа незадаволены жыццём?
    Ёсць над чым задумацца...
    Пачні дзякаваць Богу за тое, што ты атрымаў. Многія мараць пра такое жыццё, як у цябе!!!
   
◊◊◊
   Адзін старац так казаў пра выпраўленне чалавечага жыцця:
    – Калі ў дарожную торбу мы пакладзём вострыя прадметы: нажы, відэльцы, цвікі, іголкі ці пабітыя кавалкі шкла, то яны, перапоўніўшы торбу, парвуць яе. Каб захаваць торбу, неабходна выкінуць з яе ўсё вострае.
    Тое ж самае адбываецца і з нашым сэрцам: грахі, беззаконні, злосць, варожасць, крыўда, нянавісць, якімі напоўнена наша сэрца, ірвуць яго на часткі. Змушаюць чалавека пакутаваць.
    Само жыццё заахвочвае нас выкінуць з сэрца пакуту беззаконня. З дапамогай шчырай споведзі можна выкінуць з сэрца ўсю брыдоту грахоў, якія, нібыта вострыя прадметы, прычыняюць боль і пакуты. І ў сэрца ўвойдзе супакой. Яго абяцаў усім нам Езус: “Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам” (Ян 14, 27).
   
◊◊◊
   Задумала карова стаць канём. Стала скакаць па палянцы, бегаць і звонка іржаць. Яна думала, што ў яе ўсё атрымліваецца, як у сапраўднага каня. Але неўзабаве яе гучнае іржанне прыцягнула воўка. Замест таго, каб абараняцца ад яго з дапамогай рагоў, карова павярнулася да воўка, спрабуючы брыкацца, як конь. І што далей? – спытаеце вы. Увечары гаспадар пачаў шукаць сваю карову, але знайшоў у лесе толькі рожкі ды ножкі.
    Карыстайся тым, што даў табе Бог, і не імкніся стаць іншым чалавекам. Гэта дрэнна скончыцца. Калі не ведаеш, як выкарыстоўваць падораныя Богам здольнасці, то прасі ў Яго мудрасці, і Ён з любоўю навучыць цябе быць тым, кім Ён цябе задумаў.