Бессардэчны слон

Дзіцячы куточак

У джунглях з кожным можа здарыцца якая-небудзь бяда ці няшчасце. Аднаму без дапамогі там цяжка жыць. Гэта разумелі ўсе звяры, але слон думаў інакш. Вядома, ён быў моцны і мог бы дапамагаць слабым і безабаронным, здзяйсняючы добрыя ўчынкі, але ён не рабіў гэтага. Ён ні пра каго не думаў і клапаціўся толькі пра самога сябе. Слон лічыў, што яму, вялікаму і моцнаму, не патрэбна нічыя дапамога.
    Аднойчы да слана падляцела невялічкая птушачка і стала яго ўпрошваць:
    – Дапамажы, калі ласка, слон, прыпадняць дрэва, каб маім птушанятам на волю выбрацца.
    – А што здарылася? – пацікавіўся слон.
    – Моцны вецер уначы паваліў на зямлю дрэва разам з маім гняздом і яго прыціснула галінкамі. Мае птушаняты крычаць, і я баюся, што іх могуць у любы момант знайсці шакалы.
– Няма часу табе дапамагаць, я іду ваду піць, папрасі каго-небудзь іншага, – адказаў слон і пайшоў да ракі.
    У рацэ слон убачыў выдру, якая заблыталася ў рыбацкай сетцы. Выдра таксама ўбачыла яго і стала прасіць:
    – Слон, дапамажы мне, калі ласка, выбрацца адгэтуль, а то я заблыталася ў сетках, якія расставіў злы чалавек. Ты моцны і можаш любую сетку парваць.
    – Вось яшчэ, – адказаў слон, – я з-за цябе не збіраюся ногі мачыць у рацэ. Сама трапіла ў сетку, сама і выбірайся з яе.
    – Я табе таксама калі-небудзь дапамагу, вызвалі мяне, калі ласка.
    – Ха-ха-ха, гэта ж смешна – маленькая выдра хоча дапамагчы найдужэйшаму і самаму вялікаму ў джунглях! – гучна засмяяўся слон.
    Ён напіўся вады і збіраўся ўжо адыходзіць, як раптам зверху, з дрэва, пачуў:
    – Які ты, слон, бяздушны і бессардэчны, – сказала малпа, якая усё бачыла з пальмы. – У тваім ледзяным сэрцы зусім не засталося цяпла і дабрыні.
    Не спадабаліся слану праўдзівыя словы малпы, і ён стаў са злосцю трэсці пальму. Але гэта яго яшчэ больш раззлавала, таму што замест малпы з пальмы валіліся адны толькі цяжкія какосавыя гарэхі.
    Наступнай раніцай спалоханы слон імчаўся па джунглях, ломячы кусты і дрэвы. Яго гналі нейкія людзі са стрэльбамі і вяроўкамі. Убачыўшы птушку, слон падбег да яе і, увесь дрыжучы ад страху, стаў прасіць:
    – Птушка, птушка, узляці над дрэвамі, зірні, дзе людзей няма, а то я не ведаю, у які бок мне бегчы. А я заўтра тваім птушанятам, дапамагу.
    – Не магу я ўзляцець. Я ўчора цэлы дзень вызваляла птушанят і крыламі тоўстыя галінкі адгінала, а сёння ў мяне крылы вельмі баляць, я яшчэ доўга лётаць не змагу.
    Пабег слон далей і выбег да ракі. Сюды-туды бегае па беразе і не ведае, як яму на другі бераг перайсці. Рака вельмі глыбокая, а плаваць ён не ўмее.
    Убачыў слон выдру, якая сядзела на камяні, падбег да яе і стаў прасіць:
    – Выдра, выдра, дапамажы мне, нырні ў раку, зірні, дзе неглыбока, каб я мог перайсці на другі бераг.
    – Не змагу я табе, слон, нічым дапамагчы. Усю ноч мне прыйшлося самой з сеткі выбірацца. Ды вось заднюю лапу ўсё ніяк вызваліць не магу. Як толькі вузлы развяжу, абавязкова дапамагу. А цяпер я ніяк ныраць не магу.
    Неўзабаве з зараснікаў на бераг ракі выскачыла вялікая колькасць людзей са стрэльбамі і вяроўкамі. Яны злавілі слана, звязалі яго і павялі ў вёску.
    Праз некаторы час людзі выдрэсіравалі слана, зрабілі яго паслухмяным, і ён вярнуўся ў джунглі. Але цяпер на шыі ў слана сядзеў чалавек з вялікай палкай і загадваў яму, што трэба рабіць. Слон з гэтага часу кожны дзень дапамагаў людзям цягаць ссечаныя дрэвы і працаваў з раніцы да самай ночы. Так паплаціўся слон за сваю бяздушнасць і бессардэчнасць у адносінах да іншых. Зараз, цягаючы бярвенне, ён кожны дзень марыў пра дапамогу, якую калісьці так не любіў.