Якая дарога самая галоўная?

Дзіцячы куточак

Аднойчы завялі спрэчку паміж сабою ўсе дарогі, што існуюць у свеце, пра тое, якая з іх можа лічыцца царыцай. Знайсці згоду паміж сабой яны не маглі і таму вырашылі звярнуцца да Анёла, каб ён рассудзіў іх.
    Першай прамовіла самая шырокая дарога:
    – Ці ж не я самая важная? Нездарма людзі назвалі мяне аўтастрадай. Кожны дзень па мне праязджаюць сотні легкавых і грузавых машын, аўтобусаў з пасажырамі.
    Анёл выслухаў яе і сказаў:
    – Не, ты не можаш быць царыцай усіх дарог, таму што ты занадта ганарлівая.
    І тут усе пачулі голас чыгункі:
    – Паглядзіце на мяне, я сапраўдная царыца! Па мне кожны дзень праязджаюць пасажырскія і таварныя цягнікі, электрычкі! Я ўсім патрэбна!
Анёл і на яе паглядзеў неўхвальна і сказаў:
    – Ты вельмі эгаістычная, таму я не магу назваць цябе царыцай.
    – А хіба я не падобная на царыцу? – спытала прасёлкавая дарога. – У мяне жыццё самае цяжкае, днём і ўначы няма адпачынку: то грузавая машына пранясецца, то легкавая, а ў дадатак да ўсяго яшчэ і камбайны, трактары з плугамі ды сеялкамі! Я і людзям і жывёлам патрэбна! Каму ж звацца царыцай, як не мне?
    Анёл пакруціў галавой:
    – Ты ўсім патрэбная, але занадта самаўпэўненая. Дзе ж мне знайсці царыцу сярод вас?
    І тут ён заўважыў маленькую сцяжынку, якая была дзесці збоку ад усіх і сціпла маўчала.
    – Што ты скажаш пра сябе? – спытаў у яе Анёл.
    – А мне няма чым пахваліцца. Раней па мне хадзіла шмат людзей, а зараз зусім пра мяне забыліся, таму я ўся быльнікам і зарасла. Вось толькі сёння раніцай ішла па мне адна сям’я ў касцёл, каб маліцца да Бога і праслаўляць Яго Імя. Пакуль яны ішлі, дзеці назбіралі прыгожых кветак, каб упрыгожыць алтар вясковага касцёла.
    – Дзякуй табе, сцяжынка, у маіх вачах ты найважнейшая з усіх дарог, бо вядзеш людзей да крыніцы Вечнага Жыцця. Гэтыя словы здзівілі ўсіх прысутных, таму што Анёл назваў самую маленькую і сціплую дарожку, якая вядзе да вясковага касцёла, самай вялікай і самай важнай.